Лукашэнка напярэдадні свяшчэннага свята Дня Перамогі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні свяшчэннага свята — Дня Перамогі — уручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер.
«Напярэдадні вялікага, свяшчэннага свята — Дня Перамогі — мы сабраліся ў гэтай зале Палаца Незалежнасці, каб уручыць узнагароды нашым лепшым людзям. Гэта знакавая традыцыя — яшчэ адна жывая ніць памяці, якая звязвае час і пакаленні, вяртае кожнага з нас у далёкі май 1945 года, — адзначыў кіраўнік дзяржавы ў ходзе цырымоніі ўручэння ўзнагарод. — Беларусь, якая страціла ў горне Вялікай Айчыннай кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але непакораная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. Гэта найвялікшы гонар усяго савецкага народа».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў тыя веснавыя дні вызваленая рэспубліка адраджалася з попелу: «Людзі самааддана працавалі, узнімалі з руін заводскія цэхі і гарады. З букетамі палявых кветак сустракалі паязды Перамогі. А 9 мая на плошчу Леніна выйшла практычна ўсё насельніцтва горада Мінска».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пасля святочнага мітынгу было вырашана ўвекавечыць гэты самы шчаслівы, доўгачаканы дзень. Ужо вечарам у сталіцы былі высаджаны тысячы дрэў, з’явілася Алея Перамогі. Гэту ініцыятыву горача падтрымалі ў іншых гарадах рэспублікі. «Паркі, сады і алеі Перамогі, Герояў-пераможцаў, Партызанскай славы сёння ёсць практычна ў кожным беларускім горадзе або пасёлку. Таму што дрэва сімвалізуе жыццё. А мірная стваральная праца — упэўненасць у будучыні», — сказаў беларускі лідар.

«Гэтак жа, як і яны (прадстаўнікі гераічнага пакалення пераможцаў. — Заўвага БЕЛТА), мы праслаўляем Радзіму перш за ўсё сваімі працоўнымі перамогамі. Але, калі спатрэбіцца, гатовы абараняць яе, не шкадуючы сваіх жыццяў, са зброяй у руках, як рабілі гэта яны», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Сярод тых, каму ўручылі дзяржаўныя ўзнагароды, нямала прадстаўнікоў сілавога блока. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта людзі, якія заўсёды на баявым пасту. «Кожны мірны дзень, кожны мірны год — іх велізарная заслуга», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці аграрыям, «чые рукі пахнуць хлебам і малаком»: «Вы забяспечваеце не менш важную харчовую бяспеку. Менавіта ваша нялёгкая праца вывела Беларусь у лік вядучых краін — экспарцёраў прадуктаў харчавання на сусветных рынках».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў і айчынныя брэнды, якія шырока вядомы за межамі Беларусі — халадзільнікі «Атлант» і васільковыя ліўрэі авіякампаніі «Белавія». «Калектывы гэтых прадпрыемстваў сваёй работай ператварылі іх у нацыянальны брэнд», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб заслугах прадстаўнікоў будаўнічай галіны, сферы энергетыкі і гандлю, дзеячаў культуры. «Славіцца наша будаўнічая галіна. Вы пастаянна мяняеце аблічча беларускіх гарадоў і пасёлкаў у лепшы бок. А тыя, хто працуе ў энергетыцы і гандлі, робяць жыццё людзей з кожным годам больш камфортным і зручным. Прыродная і рукатворная прыгажосць роднай зямлі становіцца невычэрпнай крыніцай натхнення для нашых дзеячаў культуры, чый талент дорыць радасць шматлікім паклоннікам», — сказаў беларускі лідар.

«Ёсць у гэтай зале і два сціплыя хлопцы, якія не прывыклі да апладысментаў. Яны атрымалі ўзнагароду не за прафесійныя дасягненні. Рызыкуючы сабой, выратавалі людзей на пажары. Вось гэта прыклад правільнага выхавання, якое пачынаецца з сям’і і школы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на ролю педагогаў, паколькі любая дзяржава, любая прафесія, любыя дасягненні пачынаюцца з настаўніка. «Гэта той краевугольны камень, на якім стаіць увесь наш свет. Я рады, што сярод узнагароджаных больш за ўсё прадстаўнікоў сфер адукацыі і навукі. Кожны з іх валодае важкімі асабістымі дасягненнямі і, вядома ж, змог выхаваць дастойных вучняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым трое прадстаўнікоў сферы адукацыі і навукі, якія атрымалі ўзнагароды з рук Прэзідэнта, на свае вочы бачылі Дзень Перамогі ў 1945 годзе. Гэта прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Мікалаевіч Сердзюкоў, прафесар БДУ Аляксандр Віктаравіч Шарапа і настаўнік матэматыкі сярэдняй школы нумар 19 горада Мінска Аляксандр Маркавіч Фельдман. «Яны да гэтага часу на працоўнай пасадзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Дарагія сябры! Напярэдадні гэтага светлага свята я хачу павіншаваць усіх вас з заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі і з надыходзячым святам. Жадаю, вядома ж, мірнага неба над галавой. Мы ўсе разам (і вы таксама, а можа і перш за ўсё) павінны рабіць усё, каб гэта неба над галавой было мірным. Гэта неба ўжо належыць не толькі нам, але нашым дзецям і ўнукам, — заявіў беларускі лідар. — Калі будзе мір — будзе хлеб, будуць нараджацца дзеці, будуць узводзіцца гарады і абавязкова квітнець сады. Мы, беларусы, будзем жыць, любіць і імкнуцца да новых працоўных здзяйсненняў. Не толькі за сябе, але і за тых хлопцаў і дзяўчат, якія, ахвяраваўшы сабою, падарылі нам гэту Вялікую Перамогу, а значыць, і нашу будучыню».
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны са словамі ўдзячнасці, запэўніўшы іх, што беларусы заўсёды будуць верныя традыцыям. «Вы нам вельмі патрэбны, таму што без вас нам будзе вельмі складана. Як бы там ні было, а чалавечая памяць такая, і чалавек такі, што з цягам часу губляе гэту памяць. Яна сыходзіць, становіцца не такой вострай. А мы, хто захаваў праўду аб той Вялікай Перамозе, зрабілі гэта перш за ўсё дзякуючы вам, тым, хто жыве, перажыў цяжкі час, расказаў нам і нашай моладзі аб тым, як гэта было. Вось простая матэматыка, чаму вы нам вельмі і вельмі патрэбны, і не толькі нам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Што датычыцца тых, хто цяпер жыве ў Беларусі, я хачу, каб нашы старэйшыя таварышы ведалі: мы вашу Перамогу нікому не аддадзім. Мы заўсёды будзем верныя тым традыцыям, якія аднавілі і выхавалі нас. Дзякуй вам за гэта».
Прэзідэнт пажадаў усім шчасця, поспехаў і здароўя, адзначыўшы, што яму прыемна сустракацца з тымі людзьмі, якія ўносяць свой уклад у працвітанне Беларусі. «Вы зрабілі нямала для таго, каб наша Беларусь была такой светлай, добрай і прыгожай. Такую Беларусь мы павінны захаваць і зрабіць яе яшчэ лепшай і прыгажэйшай. У гэтым наша прызначэнне. З надыходзячым вас святам», — сказаў на заканчэнне ён.

Ордэна Айчыны ІІ ступені ўдастоены старшыня СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна Васіль Свірыд.

Ордэна Айчыны ІІІ ступені ўдастоены дырэктар НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі БДУ Юрый Харын.

Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла ўзнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны пракурор Мінска Алег Лаўрухін, генеральны дырэктар Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Георгій Вяршына, генеральны дырэктар прадпрыемства «Трэст Мінскпрамбуд» Алег Дашкевіч, загадчык кафедры стандартызацыі, метралогіі і інфармацыйных сістэм Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Серанкаў, прафесар кафедры міжнародных адносін БДУ Аляксандр Шарапа, першы намеснік генеральнага дырэктара па арганізацыі вытворчасці ААТ «Авіякампанія «Белавія» Глеб Пархамовіч, галоўны механік Мінскага завода халадзільнікаў ЗАТ «АТЛАНТ» Аляксандр Шынкевіч.
Медалём «За выратаванае жыццё» ўзнагароджаны старшы сяржант 153-й асобнай радыётэхнічнай брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Раман Лявонаў і жывёлавод сельгаспрадпрыемства «Аўсянка імя І.І.Мельніка» Горацкага раёна Сяргей Шындзікаў.
Медалём Францыска Скарыны былі ўзнагароджаны прафесар кафедры тэхналогіі прадукцыі грамадскага харчавання і мясапрадуктаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Зоя Васіленка і дырэктар Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў Алег Шчэрбаў.

Работнікі розных сфер удастоены медаля «За працоўныя заслугі». Акрамя таго, былі прысвоены ганаровыя званні. Так, звання «Народны настаўнік Беларусі» ўдастоены Аляксандр Фельдман, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы імя Я.Купалы нумар 19 г.Мінска. Звання «Заслужаны дзеяч навукі» ўдастоены галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі распрацоўкі інтэнсіўных тэхналогій вытворчасці малака і ялавічыны Навукова-практычнага цэнтра НАН па жывёлагадоўлі Міхаіл Бараноўскі і прафесар кафедры оптыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Анатоль Сердзюкоў.-0-