Наваселле аптэкі
З пятага сакавіка аптэка працуе ў новым прыгожым будынку. Работнікі нарадавацца не могуць: водаправод, паравое ацяпленне, каналізацыя. Павялічылася і само памяшканне – зручнае ды ўтульнае. У ім пануе дзелавая атмасфера, у якой людзі працуюць дакладна, уважліва. А гэта важна, бо аптэка дзяжурная і тут у любы час дня і ночы можна атрымаць лекі.
…Амаль на ўсе віды паслуг
У раёне развіваецца бытавое абслугоўванне. Цяпер Браслаўскі КБА аб’ядноўвае 58 майстэрняў, у тым ліку 19 швейных і 8 шавецкіх, 2 фотаатэлье, цырульні, млыны, лазні, трыкатажныя цэхі, пральню, хімчыстку і інш. Асвоены новыя віды: трыкатажныя вырабы, цымбравіны, вянкі, помнікі, каляровае фота, пракат, прадзенне нітак, перапрацоўка адходаў, рамонт бытавой тэхнікі.
Ці загарацца электралямпачкі?
Такое пытанне даслалі ў газету жыхары вёскі Вількянішкі Відзаўскага сельсавета і некалькіх хутароў Друйскага. У адказ Браслаўскі раён электрасетак паведамляе, што Вількянішкі ўнесены ў зацверджаны райвыканкамам спіс на электрыфікацыю малых населеных пунктаў. На хутары ж, жыхары якіх у бліжэйшыя гады сселяцца ў пасёлкі, святло праводзіцца не будзе.
Для плённай вучобы
У вёсцы Далёкія пачалося будаўніцтва новай школы, разлічанай на 320 дзяцей. Яго вядуць рабочыя ПМК-34. Ва Урбанах калектыў прарабскага ўчастка пашырае памяшканне васьмігодкі: ужо ўзведзены сцены прыбудовы, устанаўліваюцца перакрыцці даху. Да новага навучальнага года школа будзе мець для вучняў дадаткова 100 месцаў.
Добры разгон
Браслаўскі гароднінасушыльны завод уступіў у строй дзеючых у 1956 годзе. У першых шэсць-сем гадоў тут у асноўным займаліся сушкай бульбы ды выпускам нязначнай колькасці крухмалу, цяпер жа прадпрыемства вырабляе больш за 20 відаў прадукцыі. Толькі за мінулае 5-годдзе іх асвоена 13: таматы, розныя салаты, працёртыя ягады, садавіна і інш. Выпускаецца і штучны мёд. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.
