Беларусі і Расіі трэба пазбавіцца ад крытычнай залежнасці ад іншых краін. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам.
«Давайце рухацца наперад, але самае галоўнае – бачыць свой інтарэс. Вы бачыце, як развіваюцца падзеі ў свеце. Трэба абараняць сваю зямлю, сваіх людзей і перш за ўсё свой інтарэс. На любой сустрэчы з кіраўніцтвам Расіі я выказваю гэту пазіцыю, арыентую іх на тое, што нам трэба пазбавіцца ад некаторай залежнасці ад іншых краін, асабліва крытычнай залежнасці. Сваё трэба абараняць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што заўсёды аддае перавагу прадукцыі беларускай вытворчасці, а не імпартным таварам. «Імпартнае можа быць недзе ўзроўнем вышэй, але гэта чужое. Калі раптам нешта, гэта трэба за трыдзевяць зямель шукаць, і не ўсё так проста. А тут, у сябе… Беларусь для Расіі не чужая. Гэта сваё. У любы момант мы можам паставіць любую дэталь, якая выйшла са строю ў нашай тэхніцы, можам паставіць патрэбную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, калі гэта трэба будзе для вас», – сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на з’яўленне такога статусу, як «тавар Саюзнай дзяржавы». Гэты знак прысвойваецца прадукцыі, пры вытворчасці якой выкарыстоўваецца не менш за палову матэрыялаў і камплектуючых з Беларусі і Расіі. «У гэтым напрамку трэба рухацца і не ствараць дадатковых бар’ераў», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія ідуць да адзінай мэты і ведаюць, чаго хочуць. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.
