Аляксандр Лукашэнка анансаваў чыгуначныя маршруты Віцебск-Смаленск і Орша-Смаленск

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў у Саюзнай дзяржаве рэалізоўваць праекты, якія важныя і патрэбныя людзям. Тады, упэўнены ён, нікога не трэба будзе ўгаворваць за саюз. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў у Маскве на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, пашырэнню магчымасцей для грамадзян Саюзнай дзяржавы паслужаць запускаемыя ўжо ў хуткім часе прыгранічныя чыгуначныя перавозкі па маршрутах Віцебск – Смаленск і Орша – Смаленск.

«Я часта адзначаю, і пры гэтым у адрас Міхаіла Уладзіміравіча Мішусціна (прэм’ерміністр Расіі. – Заўвага БелТА) гаварыў. Ён часта гаворыць сёння пра тое, што мы ўзмоцнім, паскорым наша супрацоўніцтва ў плане перавозак. Як толькі вы ўвялі дадатковыя «Ластаўкі» (скорасныя паязды, што рэгулярна курсіруюць паміж Мінскам і Масквой. – Заўвага БелТА), у нас вялікая колькасць беларусаў паехала ў Маскву. І сёння ўжо іх недастаткова, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Уладзімір Уладзіміравіч, павінен заўважыць (мне ўчора далажылі якраз): нашы збеглыя ўжо азадачыліся тым, што беларусы ў Еўропу наогул не едуць. Усе едуць на ўсход. Менш – у Кітай. Больш – у Маскву, у Расійскую Федэрацыю. Вось што значыць ісці ад зямлі. Мы робім тое, што патрэбна нашым людзям».

Гаворачы пра арганізацыю чыгуначных зносін паміж суседнімі рэгіёнамі Беларусі і Расіі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта тое, што патрэбна. І вось тады не трэба нікога ўгаворваць, быць у саюзе або не быць у саюзе. Трэба рабіць гэтыя крокі для людзей».

«Упэўнены, што ўсе вы па-сапраўднаму ўсведамляеце каштоўнасць беларуска-расійскіх адносін, беспрэцэдэнтную глыбіню нашай інтэграцыі. Рашэнні, якія разглядаем, дадуць магчымасць нам яшчэ раз пацвердзіць запатрабаванасць фармату Саюзнай дзяржавы», – дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.