У чарговым выпуску сумеснага з Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў праекта «Браслаўшчына скрозь стагоддзі» мы раскажам пра час знаходжання нашых зямель у складзе Расійскай імперыі.
У 1772, 1793, 1795 гг. адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, у выніку чаго Браслаўшчына апынулася ў складе Расійскай імперыі. Адразу павет знаходзіўся ў Віленскай губерні, а з 1843 г. яго рэарганізавалі ў Новааляксандраўскі павет Ковенскай губерні. З населеных пунктаў важнымі цэнтрамі былі Друя, Богіна (у Дзісненскім павеце), Браслаў, Відзы, Дрысвяты, Опса, Слабодка, Краснагорка (у Новааляксандраўскім павеце).
Менавіта Друя, якая была зручна размешчана на беразе Заходняй Дзвіны, і Відзы, што з’яўляліся цэнтрам павета і размяшчаліся на ажыўленай дарозе Дзвінск – Вільня, найбольш дынамічна развіваліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Што датычыцца Браслава, то былая сталіца павета ператварылася ў маленькае мястэчка, дзе ў сярэдзіне ХІХ ст. налічвалася 220 жыхароў, у 1904 г. – 1 510.
У эканамічных адносінах Браслаўшчына ў ХІХ – пачатку ХХ ст. заставалася сельскагаспадарчым краем. Важкае месца тут займала рыбная лоўля, і Новааляксандраўскі павет прэтэндаваў па гэтым на першае месца ў Ковенскай губерні.
Прамысловая вытворчасць Браслаўшчыны ў ХІХ – пачатку ХХ ст. была прадстаўлена асобнымі, пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Ёсць звесткі пра існаванне ў пачатку ХІХ ст. невялікіх бровараў пры маёнтках. Нязначную ролю ў эканоміцы адыгрываў гандаль, бо праз тэрыторыю краю не праходзілі важныя сухапутныя шляхі, убаку прайшла чыгунка, а гандлёвае значэнне Заходняй Дзвіны няўхільна змяншалася.
Менавіта да перыяду Расійскай імперыі адносіцца дзейнасць знакамітага на Браслаўшчыне чалавека – урача Станіслава Нарбута. Гэты надзвычай цікавы, неардынарны доктар увасабляў у сабе гуманізм і дзелавую хватку, выключную працаздольнасць і міласэрнасць, жыццялюбства і высокае медыцынскае майстэрства, патрыятызм і самаахвярнасць. С. Нарбут быў вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю. Доўгі час ён узначальваў добраахвотную пажарную ахову ў Браславе, удзельнічаў у працы страхавой касы, быў рэжысёрам і акцёрам аматарскага тэатра, выдаваў газету «Дух Браслаўца». У фондах знаходзяцца два арыгінальныя экзэмпляры гэтай газеты.
Таксама ў музеі зберагаецца вялікая калекцыя нумізматыкі часоў Расійскай імперыі. Указам Кацярыны ІІ у 1769 г. уводзяцца першыя папяровыя грошы – асігнацыі. Гэта дазволіла знізіць расходы каштоўных металаў на чаканку манет. У краіне хадзілі адначасова два рублі: папяровы, курс якога ўвесь час змяняўся, і манета з каштоўных металаў (золата і серабро). Пры тым медныя грошы паступова атрымалі прывязку да асігнацый.
У ходзе рэформы 1839 – 1843 гг. на змену асігнацыям прыйшлі крэдытныя білеты, якія павінны былі забяспечвацца серабром, але да канца стагоддзя з-за вялікай эмісіі яны пачынаюць абясцэньвацца. У 1895 – 1898 гг. праводзіцца яшчэ адна рэформа, з гэтага часу папяровы рубель прыраўноўваецца да золата і можа абменьвацца на залатую манету. Першая сусветная вайна паклала канец устойліваму грашоваму абароту, а з прыходам савецкай улады пачалася моцная інфляцыя. ■
Фота Алены НАБЕЕВАЙ.
