Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Зімбабвэ трохбаковы праект з Мазамбікам па будаўніцтве марскога порта

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Зімбабвэ рэалізаваць трохбаковы праект з Мазамбікам па будаўніцтве марскога порта. Пра гэта беларускі лідар заявіў на сустрэчы са старшынёй Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамонай.

«Абдумваючы перспектыву работы Беларусі ў Афрыцы, я вярнуўся да старога тэзіса, які мы абмяркоўвалі з вашым Прэзідэнтам. Нам вельмі патрэбна кропка апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента – на паўднёвым усходзе. Гэта значыць, што мы разам павінны папрацаваць з Зімбабвэ над будаўніцтвам порта ў вашай суседняй дзяржаве – Мазамбіку. Калі б мы ажыццявілі разам з Мазамбікам і Зімбабвэ гэту ідэю, а ў дадзеным выпадку мы можам гэта зрабіць і аднавіць чыгуначныя зносіны цераз вашага суседа (там невялікая адлегласць) у Зімбабвэ, то ваша краіна стала б добрым хабам на поўдні Афрыкі для тавараў, патрэбнай прадукцыі не толькі з Беларусі, але і для тавараў іншых дзяржаў. Думаю, перш за ўсё Расіі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Над гэтай ідэяй нам трэба папрацаваць. Я прашу, вы нагадайце Прэзідэнту Мнангагву пра нашу размову ў гэтым ключы. І мне вельмі важна пачуць ваша меркаванне і вашых калег наконт гэтага. Гэта вялікая перспектыва», – дадаў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.