АПОШНІ ЭКЗАМЕН ЗДАДЗЕНЫ.
Амаль паўтара года назад пры Браслаўскай вячэрняй школе была створана група з паскораным тэрмінам навучання, у якую паступілі ў асноўным рабочыя і служачыя без васьмігадовай адукацыі. Новы, 1966 год для іх супаў з падрыхтоўкай да экзаменаў, што пачаліся 3 студзеня. А 10 чысла адбыўся выпускны вечар. Большасць з тых, хто атрымаў пасведчанні, вырашылі вучыцца завочна ў тэхнікумах.
АБМЯНЯЛІСЯ ВОПЫТАМ.
Год назад увесь наш народ з вялікім адабрэннем сустрэў прыняцце Закона аб пенсіях і дапамозе членам калгасаў. Раней кожная гаспадарка па-свойму вызначала памеры пенсійнага фонду, цяпер жа адзіная сістэма па ўсёй краіне. Толькі па Браслаўскім раёне налічаны пенсіі звыш 5 400 членам сельгасарцелей, калгасніцы-маці прадастаўляецца 112-дзённы аплачваемы водпуск па цяжарнасці і родах. Але ўперадзе яшчэ шмат спраў – пра гэта ішла размова на раённай нарадзе-семінары.
ПОСПЕХУ ДАБІВАЮЦЦА НАСТОЙЛІВЫЯ.
Барацьба за эканомію і зніжэнне сабекошту прадукцыі не зыходзіць з парадку дня ў Браслаўскім райбыткамбінаце. Напярэдадні Новага года групе рацыяналізатараў прадпрыемства былі ўручаны грашовыя прэміі. Заслужанае заахвочванне: летась імі ўкаранёна 16 прапаноў, умоўная эканомія ад якіх склала17 501 рубель. Вынаходнікі да дня адкрыцця XXIII з’езда КПСС разам з інжынерна-тэхнічнымі работнікамі абавязаліся ажыццявіць яшчэ 15 каштоўных прапаноў.
ЁСЦЬ ЭЛЕКТРАСВЯТЛО!
Работы па электрыфікацыі вёсак Урбаны, Жвірблі і Мекяны пачалі яшчэ ў мінулым годзе. Электрыкі рабілі праводку ў дамах калгаснікаў, на жывёлагадоўчых фермах, манціравалі падстанцыі. І вось у адзін са студзеньскіх дзён, як толькі сцямнела, больш за 80 дамоў асвяціліся яркімі агеньчыкамі. Запаліліся таксама электралямпы на фермах і на вуліцах. Пройдзе некаторы час – і лямпачкі Ільіча заззяюць і ў вёсках Струста, Крукі, Зыбкі і інш.
З ЛІКАМ 7:5.
У мінулую нядзелю ў Міёрах адбылася таварыская сустрэча па хакеі з мячом мясцовай і браслаўскай зборных. Перамаглі нашы спартсмены з лікам 7:5. Адзінаццатага студзеня наша каманда выязджае ў Оршу для ўдзелу ў першынстве вобласці па гэтым відзе спорту. Браслаўчане правядуць матчы са зборнымі Віцебскага раёна, Лепеля і Верхнядзвінска.
ПОСПЕХ У ТЫХ, ХТО ЛЮБІЦЬ СПРАВУ І ДЗЯЦЕЙ.
Закончылася першая палавіна навучальнага года. Якіх поспехаў дабіўся педагагічны калектыў раёна і што новага з’явілася ў рабоце – такія пытанні абмяркоўваліся на студзеньскай нарадзе настаўнікаў. З дакладу загадчыка райана тав. Жукоўскага бачна, што якасць выкладання ў асобных школах трэба ўдасканальваць. Хіба дапушчальна, што з 9 638 вучняў не паспяваюць 1 025! Усё залежыць ад таго, каму давераны дзеці: майстры сваёй справы працуюць без другагоднікаў. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.
