Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 25 лістапада агучыў яго будучы парадак дня.
Мерапрыемства арганізавана ў перыяд актыўнай падрыхтоўкі да другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, якое пройдзе 18 – 19 снежня. На гэтым этапе неабходна прыняць рашэнні, што будуць вынесены на разгляд сходу, а таксама абмеркаваць шэраг арганізацыйных пытанняў, заўважыў Галава дзяржавы.
«Задача Прэзідыума – падрыхтаваць змястоўную частку маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Перш за ўсё неабходна сфарміраваць парадак дня яго пасяджэння і вызначыцца з дакладчыкамі», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Па-першае, плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй штогадовыя пасланні заслухоўваюцца толькі на пляцоўцы УНС.
Па-другое, сходу трэба будзе зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Ключавыя яе палажэнні абмяркоўваліся на нядаўняй нарадзе кіраўніка дзяржавы з урадам і рабочай групай з ліку профільных спецыялістаў. «Як і ставілася задача, праграма накіравана на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго даручэнні дапрацаваная праграма раздадзена дэлегатам УНС, якія на месцах павінны актыўна падключыцца да яе абмеркавання.
Па-трэцяе, Усебеларускаму народнаму сходу неабходна вырашыць кадравыя пытанні. Так, трэба будзе абраць новага члена Прэзідыума УНС замест таго, што выбыў.
Акрамя гэтага, на пасяджэнне Прэзідыума вынесены кадравыя прапановы вышэйшых судоў. Іх прадставяць старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч і старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала. Рашэнне па гэтых прапановах, у адпаведнасці з працэдурай, прымаецца адкрытым галасаваннем.
Аляксандр Лукашэнка арыентаваў удзельнікаў мерапрыемства на тое, каб дакладна вызначыцца, якія пытанні падрыхтоўкі да пасяджэння УНС ужо вырашаны, а што патрабуе дадатковай увагі з боку Прэзідэнта. ■
Па матэрыялах БелТА.
