Аляксандр Лукашэнка арыентуе старшынь райвыканкамаў быць паўнацэннымі кіраўнікамі на месцах, прымаць неабходныя рашэнні і несці за іх адказнасць. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы кадравыя рашэнні ў адносінах да мясцовай вертыкалі ўлады.
«Глядзіце, мужыкі, усё замкнута на вас. Вы там – як варатар у варотах. Там ужо за спінай нікога ў вас няма. Вы – крайнія. І патрабаванне будзе з вас за гэта. Вось такое ваша жыццё і лёс, – сказаў Прэзідэнт. – Старшыня райвыканкама, кіраўнікі на месцах – вы як на шкле. Вы праглядаецеся з усіх бакоў. Схавацца там не атрымаецца. Людзі бачаць вас, і людзі розныя. І яны вас па-рознаму будуць ацэньваць. Таму павінна быць цвёрдая мэтанакіраваная лінія. Вы павінны яе прытрымлівацца. Сёння не разумее чалавек – заўтра зразумее. Гэта ўсіх датычыцца».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у 2020 годзе ў перыяд пандэміі каранавіруса многія не ўспрымалі і не разумелі яго падыходаў. «Што цяпер? Вазьміце гэту пандэмію. Аказваецца, Лукашэнка меў рацыю», – заўважыў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і цяпер ёсць COVID, але вакол гэтай тэмы няма каранапсіхозу, які губіў людзей. «Усё ў нашай галаве, уся хвароба, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Але я сціснуў зубы і рабіў справу».
«Скажу шчыра: у пераважнай большасці начальнікі ішлі за мной, выконвалі мае рашэнні. А так павінна і быць у наш час. Таму вы там начальнікі, вы кіраўнікі. У вас усё ў руках. Рабіце, нясіце адказнасць, давайце вынік», – даў наказ беларускі лідар.
Асобна кіраўнік дзяржавы нагадаў пра задачу займацца пытаннямі, якія хвалююць людзей на месцах. «Не крыўдзіце людзей. Вы павінны іх прымаць, вы з імі павінны размаўляць», – сказаў ён.
Закрануў Прэзідэнт і пытанні сацыяльнай сферы, асабліва ў вёсцы. Напрыклад, функцыянаванне школ і арганізацыя падвозу дзяцей, лячэбных устаноў. «Гэта ваша справа. Але не павінна быць бяздумна: закрылі школу, закрылі ФАП, нейкую ўчастковую бальніцу і стварылі праблему. Ну вы пагаварыце з людзьмі. Самі ж будзем старымі. Стары старому не роўны. Нехта можа ісці, нехта не можа. Таму паглядзіце. Можа, вам гэта і не дорага – пакінуць нейкі там пункт і фельчара хаця б, які пагаворыць з гэтым чалавекам і, як кажуць, таблетку нейкую дасць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. ■
Па матэрыялах БелТА.
