Аляксандр Лукашэнка: «Беларусы заўсёды лічылі і лічаць нялёгкую сялянскую працу самай важнай і святой на зямлі»

Новости
Беларусы заўсёды лічылі і лічаць нялёгкую сялянскую працу самай важнай і святой на зямлі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод перадавікам АПК.

Прэзідэнт канстатаваў, што за гады незалежнасці Беларусі ўдалося стварыць магутны і высокаэфектыўны аграрна-прамысловы комплекс. На палях працуюць 212 тыс. (у асноўным айчынных) сельгасмашын, малако вырабляюць амаль 3 тыс. ферм. У краіне налічваецца 38 буйных птушкафабрык, 18 рыбгасаў, 94 свінакомплексы, 64 буйныя комплексы па вытворчасці ялавічыны. Акрамя таго, у Беларусі здабываюць калій, вырабляюць комплексныя ўгнаенні, ствараюць ветпрэпараты, камбікармы і прэміксы.

«Але ёсць над чым працаваць», – заўважыў беларускі лідар.

Агульнарэспубліканскі каравай 2025 года з улікам рапсу і кукурузы ў бункернай вазе будзе больш за 11 млн т збожжавых і зернебабовых, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Але, як кажуць, патрэбны не толькі хлеб, але і нешта да хлеба», – заўважыў Прэзідэнт.

Паколькі ў краіне нарыхтавана харчовае і фуражнае збожжа, травяныя кармы, будзе дастойны вынік і ў жывёлагадоўлі. Да канца года Беларусь атрымае больш за 9 млн тон малака. Чакаецца, што каля 70 гаспадарак перасягнуць прадукцыйнасць дойнага статка ў 10 тыс. кг ад каровы. А пяць надояць звыш 13 тыс. кг на галаву. Акрамя таго, сабраны ўраджай цукровых буракоў на больш чым 5 млн т. Атрымана прыкладна 900 тыс. т бульбы, амаль 600 тыс. т агародніны.

Многія героі жніва прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці і атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад кіраўніка дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.