Флікеры, здаровае харчаванне і актыўнасць. Што абмяркоўвалі на пасяджэнні клуба ветэранаў

Новости
Сёння ўсё больш браслаўчан сталага ўзросту імкнуцца весці актыўнае жыццё. Яны ўдзельнічаюць у грамадскіх ініцыятывах, займаюцца валанцёрствам, захапляюцца творчасцю, падарожнічаюць. А клуб «Сустрэча» пры цэнтральнай бібліятэцы дапамагае ім падтрымліваць зносіны і папаўняць веды ў розных сферах. Нядаўна тут пры садзейнічанні раённага грамадскага аб’яднання ветэранаў прайшло чарговае пасяджэнне.

Калі бібліятэкар Галіна Бразюль абазначыла тэму размовы – жыць доўга, актыўна і прыгожа, прысутныя – аднадумцы і сябры, аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі, людзі неабыякавыя – адразу ўключыліся ў гутарку. Было што сказаць на гэты конт і гасцям сустрэчы. Так, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Браслаўскага РАУС Артур Кіюц засяродзіў увагу на бяспецы пешаходаў, асаблівы акцэнт зрабіўшы на наяўнасці святлоадбіваючых элементаў. Як высветлілася ў ходзе дыялогу, далёка не ўсе браслаўчане належным чынам разумеюць нюансы іх выкарыстання. Між тым правіла простае: у цёмны час сутак флікер абавязковы для кожнага пешахода незалежна ад месца знаходжання. Урач жа па медыцынскай прафілактыцы ЦРБ Аляксандр Бабенка заклікаў удзельнікаў мерапрыемства паразважаць, як можна аддаліць старасць і працягваць радавацца жыццю ў любым узросце. «Рэцэпт» таксама не самы складаны: весці актыўную разумовую дзейнасць, па меры сіл – фізічную, сачыць за харчаваннем, пазбягаць шкодных звычак, захоўваць зносіны з сябрамі. Таксама прысутныя з цікавасцю пазнаёміліся з сакрэтамі даўгалецця ад самых пажылых людзей планеты.

Дарэчы, парады медыка па падтрыманні пазітыўнага настрою члены клуба «Сустрэча» адразу ж увасобілі на практыцы: Г. Бразюль запрасіла ўсіх на вечарынку, прысвечаную чаю. Сталыя браслаўчане даведаліся пра гісторыю распаўсюджвання гэтага напітку, слухалі тэматычныя вершы ды ахвотна ўдзельнічалі ў гульнях. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.