Ветлівая і патрабавальная, спагадлівая і настойлівая. Людміла Андрэева — «Лепшая па прафесіі»

Люди
Дзейсная, актыўная, энергічная, спартсменка, ідэолаг ды проста прыгажуня Людміла Андрэева, загадчыца сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 205 ААТ «ААБ Беларусбанк», па выніках мінулага года прызнана лепшай па прафесіі.

Нават не верыцца, што гэта маладая жанчына працуе ў цэнтры банкаўскіх паслуг ужо больш за 20 год. Між іншым у сістэме адкрытага акцыянернага таварыства Людміла прайшла шлях ад спецыяліста да загадчыцы сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. Працаваць у банк уладкавалася пасля тэхнікума, а ўжо падчас работы атрымала і вышэйшую адукацыю. Прызнаецца, што склад розуму ў яе матэматычны, таму лічбы, дакладныя разлікі ніколі не палохалі і не выклікалі праблем. Камунікаваць з кліентамі таксама атрымліваецца добра, хоць часам бывае і складана. Зразумела, людзі звяртаюцца ў банк розныя і для кожнага трэба знайсці неабходныя словы, каб абавязкова задаволіць запыты і данесці інфармацыю проста і даступна.

Ужо амаль 5 гадоў Л. Андрэева кіруе сектарам рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. У яе падначаленні знаходзяцца аперацыйная служба, чатыры аддзяленні, у тым ліку два сельскія, і абменны пункт. Сектар працуе зладжана і дабіваецца станоўчых вынікаў. Так, актыўна прасоўваюцца і рэалізуюцца юрыдычным асобам, прадпрымальнікам і насельніцтву разнастайныя прадукты і паслугі. Дасягнуты высокі ўзровень паказчыка долі кліентаў, падключаных да сервісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, забяспечана эфектыўная работа ўстройстваў самаабслугоўвання – банкаматаў і інфакіёскаў, рознічнага і карпаратыўнага бізнесу, а таксама арганізавана якаснае абслугоўванне кліентаў у пунктах продажу ЦБУ і інш.

– За час работы ў банку Людміла зарэкамендавала сябе граматным і патрабавальным кіраўніком, – кажа дырэктар ЦБУ № 205 Зоя Смірнова. – Спакойная і спагадлівая, яна разам з тым настойліва даводзіць пачатую справу да лагічнага завяршэння. Заўсёды ветлівая і тактычная ў адносінах з калегамі і кліентамі. Пастаянна павышае сваю кваліфікацыю, цікавіцца перыядычным друкам, новаўвядзеннямі ў заканадаўстве. Атрыманыя ж веды Людміла паспяхова прымяняе на практыцы, умее аператыўна прымаць рашэнні і не лічыцца з асабістым часам, калі таго патрабуе праца.

Акрамя сваіх прамых абавязкаў, Л. Андрэева вядзе яшчэ і актыўную грамадскую дзейнасць. У прыватнасці, з’яўляецца адказнай за ідэалагічную работу ў цэнтры банкаўскіх паслуг. Пра высокую арганізацыю працы ў гэтым напрамку сведчыць дыплом пераможцы абласнога агляду-конкурсу, атрыманы ў 2022 годзе. Таксама Людміла ўдзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах, грамадзянска-патрыятычных акцыях і разнастайных ініцыятывах раёна. ■

 

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.