Тэмпы запавольвае надвор`е. Як на Браслаўшчыне ідзе пасяўная кампанія

Новости
У мінулыя выхадныя ішлі дажджы, якія моцна нашкодзілі хлебаробам. Нягледзячы на цёплае надвор’е на гэтым тыдні, зямля вельмі мокрая, месцамі на палетках стаяць вялізныя лужыны. Гэта не дае аграрыям пачаць масавую сяўбу. Пакуль аграномы ды кіраўнікі гаспадарак раёна, аб’язджаючы свае тэрыторыі, шукаюць месцы, дзе больш-менш суха.

Калі на поўдні рэспублікі сяўба ранніх яравых культур заканчваецца, што дыктуе геаграфічнае становішча, то на Віцебшчыне на раніцу 10 красавіка было пасеяна 33,2 тысячы гектараў, або 25,9 %.

Па статыстычных даных, на гэтую ж дату на Браслаўшчыне паклалі ў глебу насенне яравых на 492 га, што складае 5 % ад плана. Пакуль у раёне сеюць 6 гаспадарак з 8-мі. Нават не прыступілі да гэтай работы ў КУСП «Браслаўскі» і ТАА «Бярэзіца». Усяго сёлетняй вясной плануецца засеяць раннімі яравымі збожжавымі і зернебабовымі 9 805 га. У лідарах пакуль ААТ «Агравідзы»: тут заклалі 6,7 % ад запланаванага, пасеяўшы 149 га, 129 га засеялі «маякоўцы». Нядрэнна набіраюць тэмп веснавой кампаніі ААТ «Друйскі» і «Слабодка-агра»: у гэтых сельгаспрадпрыемствах пасеяна па 72 га, што складае адпаведна 8,5 % і 9,6 % ад патрэбнага.

У той жа час у гаспадарках раёна ідзе работа па ўборцы камянёў з палеткаў, падрыхтоўцы глебы да сяўбы, унясенні арганікі і падсеве шматгадовых траў. ■

Тэкст і фота Вольгі ПАТАПОВІЧ.