Юным браслаўчанам у Дзень Канстытуцыі ўручылі іх першыя пашпарты

Новости
Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі па ўсёй краіне прайшла акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі». Далучыліся да яе і на Браслаўшчыне.

Сёлета Асноўнаму Закону нашай краіны споўнілася 30 гадоў. Менавіта 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя – надзейны падмурак незалежнай Беларусі. Дакумент увабраў у сябе гістарычны вопыт, замацаваў палітычныя і ідэалагічныя нормы, вызначыў прыярытэты развіцця дзяржавы.

Сімвалічна, што ў такі значны для краіны дзень юным браслаўчанам уручылі пашпарты, Канстытуцыю і тэматычнае выданне «Я – грамадзянін Беларусі». Урачыстая цырымонія адбылася на базе СШ № 2 імя З. Я. Кожар. Ёй папярэднічала выстаўка дасягненняў школьнікаў з розных устаноў адукацыі. Дыпломы за алімпіяды, конкурсы, спаборніцтвы, распрацоўкі… Бачна, што на Браслаўшчыне расце таленавітая змена. Некалькі гадоў – і яна ўвальецца ў агульныя рады маладых беларусаў, якія будуць шчыраваць дзеля ўмацавання роднай краіны.

Павіншаваць навучэнцаў з уручэннем пашпартоў прыйшлі прадстаўнікі розных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, бацькі, сябры. Ад імя раённай улады да моладзі звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Яна пажадала хлопцам і дзяўчатам рэалізаваць свае мары і стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Пад апладысменты прысутных В. Вялічка ўручыла 25 актывістам і выдатнікам вучобы пашпарты і падарункі.

Словы віншаванняў ад імя бацькоў выказала педагог СШ № 2 імя З. Я. Кожар Вольга Шчадрова, а ад моладзі – старшыня Маладзёжнай палаты пры райсавеце Арсеній Фелькін.

Наперадзе ў юных браслаўчан – новыя дасягненні, але гэты дзень назаўжды застанецца ў іх сэрцах. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.