Юны браслаўчанін Максім Капусцінскі пра сваю мару стаць урачом: гляджу наперад і не баюся цяжкасцей

Люди
Пятнаццатага сакавіка беларусы святкуюць адно з важнейшых дзяржаўных свят – Дзень Канстытуцыі. Па традыцыі да знамянальнай даты прымяркоўваюць урачыстыя мерапрыемствы, абавязковымі ўдзельнікамі якіх становяцца маладыя людзі – тыя, на каго ўскладаюцца вялікія надзеі, хто будзе будаваць будучыню нашай краіны. Юныя грамадзяне, што дасягнулі 14-ці гадоў і вылучаюцца поспехамі ў вучобе, творчасці, спорце або грамадскай дзейнасці, у гэты дзень ці напярэдадні атрымліваюць свой галоўны дакумент – пашпарт. Сёлета ў іх шэрагах будзе і навучэнец Слабодкаўскай сярэдняй школы Максім Капусцінскі.

Ініцыятыўны, актыўны, таварыскі, творчы – і гэта далёка не ўсе якасці васьмікласніка, які паспявае добра вучыцца, удзельнічаць у алімпіядным руху, займацца грамадскай дзейнасцю, у тым ліку ў раённай Дзіцячай палаце, весці школьныя мерапрыемствы, а таксама паспяхова прадстаўляе сваю ўстанову адукацыі на шматлікіх конкурсах.

Старанны вучань праяўляе інтарэс да розных прадметаў. Сярод любімых ён без затрымкі называе матэматыку, хімію і фізіку, тым больш што яны патрэбныя хлопцу для ажыццяўлення яго мары – стаць урачом. На думку Максіма, гэты спецыяліст павінен быць адказным, не баяцца цяжкасцей, заўсёды глядзець наперад, ставіць мэты і дабівацца іх. Дарэчы, менавіта так характарызуюць самога васьмікласніка яго педагогі і аднагодкі.

Нароўні з дакладнымі дысцыплінамі школьнік «сябруе» і з гуманітарнымі: пра гэта сведчыць мінулагодні дыплом ІІІ ступені раённага ўзроўню па матэматыцы і ўзнагароды ІІ ступені абласной алімпіяды па французскай мове, рускай мове і літаратуры. Далучэнне да інтэлектуальнага руху яшчэ ў пачатковых класах навучыла хлопца ашчадна размяркоўваць час, каб яго хапала на ўрокі, і на дадатковыя заняткі, і на самападрыхтоўку дома. Максім не прывык «завісаць» у інтэрнэце, а таму паспявае займацца спортам – захапляецца футболам, ды і бабулі па гаспадарцы дапамагае нямала.

Сам М. Капусцінскі кажа, што ён увогуле любіць вучыцца: яму падабаецца даведвацца штосьці новае – усё ж гэта ў жыцці спатрэбіцца. І ў розных конкурсах удзельнічае, бо такім чынам развіваецца, пазнае свет, як, напрыклад, пры стварэнні настольнай гульні пра Беларусь ці піянерскага календара. Прываблівае васьмікласніка і праца ў Дзіцячай палаце: там ёсць чаму павучыцца ў равеснікаў. Безумоўна, не ўсё атрымліваецца адразу, аднак школьнік упэўнены: у такім выпадку варта паразважаць, асэнсаваць недахопы, больш пастарацца, захоўваць цярпенне і, галоўнае, шмат працаваць і верыць у тое, што робіш, – тады справы пойдуць як трэба.

«Максім – вельмі сур’ёзны і адказны хлопец, – кажа дырэктар Слабодкаўскай сярэдняй школы Ірына Гапон. – Ведаеце, здараецца, дзеці схільныя паддавацца ўплыву ў калектыве і часам уласныя здольнасці “закопваюць”. А вось Максім дастаткова самастойны: калі яму цікава, ён перакананы ў важнасці зробленага выбару, то ідзе да сваёй мэты. Я лічу, што гэта добрая якасць сучаснай моладзі». ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.