Шэраг населеных пунктаў Віцебскай вобласці ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»

Новости
У Беларусі яшчэ дзевяць населеных пунктаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Сярод іх – пасёлкі Обаль і Асвея Віцебскай вобласці.

Вымпелы «За мужнасць і стойкасць» былі заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6 кастрычніка 2004 года ў гонар 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ганаровыя званні з таго часу прысуджаны 27 населеным пунктам нашай краіны. У юбілейны для Беларусі год іх колькасць папоўнілі гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея.

У прыватнасці, у Обалі зімой 1942 года 38 школьнікаў стварылі падпольную арганізацыю. Іх заданнем было працаўладкавацца ў нямецкія ўстановы, на чыгунку, завод, у сталовую. Кіравала падполлем Ефрасіння Зянькова. За два гады барацьбы «Юныя мсціўцы» здзейснілі больш за 20 буйных дыверсій, перадалі партызанам вялікую колькасць зброі і медыкаментаў, распаўсюджвалі падпольныя газеты і інш. Яны ажыццявілі шмат дыверсій і неаднаразова падрывалі работу нямецкіх акупантаў. Так, Зіна Партнова, працуючы ў афіцэрскай сталовай, падсыпала ў суп атруту, а Ніна Азоліна здолела пранесці міну на тэрыторыю вадакачкі станцыі «Обаль». У 1943-м атрад быў знішчаны.

У Асвеі Верхнядзвінскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’явіліся адны з першых у Беларусі падпольшчыкі і партызанскія атрады, якія мужна змагаліся супраць немцаў. Тыя ж у сваю чаргу адпраўлялі карныя экспецыі: у 1943 года тут былі спалены 158 населеных пунктаў.

Сярод раней узнагароджаных гарадоў-герояў паўночнага рэгіёна – Віцебск, Полацк, Орша, пасёлкі Ушачы і Бягомль.

Так, Віцебск на працягу ўсёй акупацыі заставаўся горадам падпольшчыкаў і партызан. Тут дзейнічала 66 падпольных арганізацый, у склад якіх уваходзілі каля 1,5 тыс. мірных жыхароў. Аднак кожны трэці з іх загінуў. Захопнікі стварылі ў Віцебску пяць лагераў смерці. 12 тыс. гараджан былі заключаны ў працоўныя лагеры. За перыяд акупацыі ў Віцебску і яго наваколлях фашысты знішчылі каля 200 тыс. мірных грамадзян і ваеннапалонных.

Шмат нязгод выпала і на долю палачан. Да вайны ў Полацку налічвалася каля 31,5 тысячы чалавек, у ліпені ж 1944 года вызваліцеляў віталі крыху больш за 400 жыхароў. У горадзе і раёне фашысты расстралялі больш за 50 тысяч савецкіх грамадзян, звыш 10 тысяч сагналі ў рабства. Гарадскі жылы фонд быў разбураны на 95 працэнтаў.

Гарадскі пасёлак Бягомль быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 2 ліпеня 1941 года, а ўжо са жніўня там дзейнічалі партызанскія брыгады і падпольныя арганізацыі. 20 снежня 1942 г. у выніку Бягомльскай аперацыі партызаны разграмілі фашысцкі гарнізон. З гэтага моманту на ўсёй тэрыторыі Бягомльскага і паўночнай часткі Барысаўскага раёнаў была ўсталявана савецкая ўлада, а да канца 1943 года было вызвалена яшчэ каля 6 тыс.кв.км. На гэтых тэрыторыях былі створаны партызанская камендатура, перасоўны шпіталь, друкарня, аэрадром, тэлефонны вузел і інш.

Кожны з 36 населеных пунктаў Беларусі, якія ўзнагароджаны вымпелам, праявіў мужнасць і стойкасць у жахлівыя 1941 – 1945 гадах. Мы не павінны забываць пра подзвіг беларусаў!

Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.