Святкаванне Масленіцы на Браслаўшчыне сёлета пройдзе ў новым фармаце

Отдых
Сёлета святкаванне Масленіцы на Браслаўшчыне пройдзе ў новым фармаце. Мерапрыемствы адначасова адбудуцца ў трох аграгарадках: у Пагошчы, Ахрэмаўцах і Друі.

«Наш край многанацыянальны, і гэта паўплывала на мясцовыя традыцыі. У розных кутках раёна Масленіцу адзначалі па-свойму. А ўвогуле гадоў 30 – 50 таму назад на Браслаўшчыне замест гэтага свята ладзілі провады зімы. Гулянні праходзілі амаль ва ўсіх вёсках. Цікава, пазнавальна, весела! Сёлета мы вырашылі ўзгадаць свае адметныя традыцыі, а каб як мага больш жыхароў нашага раёна маглі даведацца пра іх, святочныя мерапрыемствы будуць праходзіць у аграгарадках», – расказала Алена Котава, рэжысёр Браслаўскага РЦК.

Такім чынам, гулянні на сыходзе масленічнага тыдня, які, дарэчы, пачаўся 11 сакавіка, пройдуць 17 чысла, у нядзелю. У аграгарадках падрыхтавана насычаная праграма. Так, у Пагошчы будуць пячы бліны па богінскіх і опсаўскіх рэцэптах, выступяць мясцовыя артысты, культработнікі з Далёкаўскага клуба-бібліятэкі, народныя калектывы «На панадворку» і «Лёлі» Браслаўскага РЦК. У Ахрэмаўцах да святкавання далучацца з выстаўкамі работнікі раённага аб’яднання музеяў, прыедуць госці са сваімі стравамі з Іказні, майстар-класы па танцах і спевах правядзе народны фальклорны калектыў «Вярба» з Дрысвят. У Друі пачастуюць юшкай з блінамі, а забаўляць прысутных будуць мясцовыя культработнікі і іх калегі з Друйска і Слабодкі.

«Хочацца, каб браслаўчане ведалі свае вытокі і традыцыі. Пачнём з гэтых населеных пунктаў, а на наступны год, спадзяёмся, далучацца і іншыя», – адзначылі ў РЦК. ■

Алена НАБЕЕВА