У Браславе адкрылася выстава майстроў лозапляцення — бацькі і сына

Отдых
Лаза – прыродны матэрыял, з якога з даўніх часоў выраблялі неабходныя для гаспадаркі рэчы. У Беларусі лозапляценне было распаўсюджаным рамяством. З цягам часу яно пачало знікаць з паўсядзённасці, а майстроў становіцца ўсё менш. На Браслаўшчыне ж жыве дынастыя Лук’янцаў, прадстаўнікі якой паспяхова займаюцца гэтай цікавай і складанай справай.

На днях у музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка, прысвечаная майстрам Уладзіміру і Сяргею Лук’янцам. Бацька і сын не адзін дзясятак гадоў займаюцца лозапляценнем. Паклаў жа пачатак сямейнай дынастыі Канстанцін Лук’янец, які выдатна плёў розныя вырабы і вучыў гэтаму свайго сына Уладзіміра.

У. Лук’янец не толькі працягнуў справу, але і атрымаў ганаровае званне «Народны майстар Беларусі». Яго вырабы захоўваюцца ў фондах музейнага аб’яднання, упрыгожваюць інтэр’еры кватэр і дамоў, дач і офісаў па ўсёй краіне. «Першы мой выраб – рэканструкцыя плеценага маім бацькам крэсла. Я знайшоў яго, вывучыў тэхналогію і ўрэшце аднавіў. А пасля стаў больш займацца лозапляценнем, сачыў за работай іншых майстроў. Так паступова стаў плесці паліцы, падстаўкі для кветак, крэслы-гушкалкі, сталы, канапы, ложкі і іншыя рэчы», – расказаў ён.

Уладзімір Канстанцінавіч аб’ездзіў амаль усю Беларусь. Ён пастаянны ўдзельнік розных выставак і мае не адну ўзнагароду. Па прыкладзе бацькі стаў займацца лозапляценнем і Сяргей. Яго вырабы традыцыйныя, вызначаюцца акуратнасцю. «Лаза – цікавы матэрыял для работы. Але яе неабходна асаблівым спосабам падрыхтаваць. Гэта займае нямала часу: знайсці, нарэзаць, апрацаваць… І толькі пасля такога падрыхтоўчага этапа можна прыступаць да працы», – кажа ён.

На выстаўцы ў музеі сабраны рэчы, якія зрабілі бацька і сын Лук’янцы. Гэта і вырабы для хатняга ўжытку, і мэбля. Апошняя, дарэчы, уражвае сваімі габарытамі і надзейнасцю. А якое задавальненне прысесці на крэсла-гушкалку! Прадстаўлены і інструменты, з дапамагой якіх працуюць майстры, сабрана розная літаратура па лозапляценні і артыкулы пра таленавітую сям’ю. Дарэчы, лазой пачалі займацца і ўнукі Уладзіміра Лук’янца.

«Мы ганарымся, што на Браслаўшчыне ёсць такія спецыялісты, – адзначылі ва ўстанове. – Яны праводзяць майстар-класы на выстаўках, расказваюць пра сваё рамяство, папулярызуюць беларускую культуру. Іх вырабы заўсёды ўпрыгожваюць нашы мерапрыемствы. Выстаўка будзе працаваць да канца сакавіка. Мы запрашаем усіх наведаць яе і пазнаёміцца з творчасцю землякоў». ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.