Новыя вуліцы і клопаты партыі. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (снежань 1978-га)

Отдых
Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (снежань 1978-га)

Па кнізе «Малая зямля»

Работнікі раённай бібліятэкі правялі з вучнямі 10 «А» класа Браслаўскай сярэдняй школы канферэнцыю па кнізе Л. І. Брэжнева «Малая зямля». Дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй Леаніда Ільіча, затым прачыталі ўрывак з твора, паслухалі ўспаміны ветэрана. С. Р. Троцкага. Прысутныя адзначылі, што кніга «Малая зямля» – новая яркая старонка ў летапісе гераічнага мінулага нашага народа і служыць справе камуністычнага выхавання.

Лічбы і факты

Відзаўскае сельскае прафтэхвучылішча было заснавана ў студзені 1954 года. З 1976-га яно перайшло на падрыхтоўку механізатарскіх кадраў з адначасовым атрыманнем сярэдняй адукацыі. Цяпер у вучылішчы займаюцца на 1-м курсе – 240 навучэнцаў, на 2-м – 207 і на 3-м – 139. За 25 гадоў тут падрыхтавалі 8 163 трактарыстаў-машыністаў, больш як 1 700 шафёраў і інш.

Аперацыя «Сокал»

На працягу трох гадоў у вобласці аб’яўляецца конкурс «Сокал», мэта якога – выяўленне тых відаў птушак, што занесены ў «Чырвоную кнігу СССР». Падчас яго правядзення ўзяты пад ахову 86 гнёздаў і месц засялення 11 відаў рэдкіх пярнатых. Так, у Браслаўскім лясгасе сёлета знойдзены тры гнязды чорнага бусла: у Богінскім, Замошскім і Браслаўскім лясніцтвах.

Цікавы збор

Школьнікі Грытунскай васьмігодкі, кіруючыся дэвізам «Піянеры ўсёй краіны справе Леніна верныя», імкнуцца справамі і добрай вучобай адказаць на клопаты партыі і народа. Нядаўна ў атрадзе імя Паўліка Марозава прайшоў збор «Школа – наш родны дом» з нагоды перамогі вучняў у аглядзе-конкурсе на лепшы падручнік, дзённік. Піянеры ўзялі абавязацельствы павысіць паспяховасць і берагчы школьную маёмасць.

На карце горада

Пашыраюцца межы Браслава. У апошні час на гарадской карце з’явіліся дзве новыя вуліцы – Заводская і Чайкоўскага. Яны праляглі ў раёне хлебапрыёмнага прадпрыемства. Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры, жыллёвае будаўніцтва тут будзе весціся ў асноўным сіламі індывідуальных забудоўшчыкаў. За прыгожай шыльдай… Кіраўнікі калгаса імя Фрунзе даўно планавалі абсталяваць неабходным адкрыты ў 1973 г. дзіцячы сад, цеснаваты і з мноствам нязручнасцей. Між тым пяць гадоў прайшло, а выхаванцы месцяцца ў адным пакоі, спяць на расстаўленых раскладушках, падлога прагніла, столь цячэ, пліта паламаная – праблем хапае. Не хвалюе старшыню калгаса і забеспячэнне палівам, дарэчы, не толькі дзетсада, а і бібліятэкі, клуба. Гэтыя ўстановы пустуюць: хто ж пойдзе ў «халадзільнік»?

Аб’явы

– Райаб’яднанне «Сельгастэхніка» працягвае прыём юнакоў і дзяўчат на 5-месячныя курсы трактарыстаў. Прынятыя на вучобу забяспечваюцца інтэрнатам.
– У Браславе пачала пастаянна працаваць дзяржаўная натарыяльная кантора. Размяшчаецца яна па вул. Садовай, 8 (памяшканне гаспадарча-разліковага прарабскага ўчастка).

Паведамляе служба 01

З-за невыканання патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі ў лістападзе-снежні ў нашым раёне здарыліся пажары ў асабістых дамах жыхароў вёсак Каменка Слабодкаўскага, Крукі Зарачскага, Жвірыны Відзаўскага, Святліцкія Далёкаўскага сельсаветаў. Асаблівую трывогу выклікае няспраўнасць і няправільнае размяшчэнне печаў. Менавіта таму ў кватэры ахрэмаўчаніна, якая знаходзіцца пад адным дахам з магазінам «Гаспадарчыя тавары», загарэлася сцяна. Выкананне супрацьпажарных правілаў – гарантыя бяспекі. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО