Токар браслаўскага хлебазавода Іван Шнітко прысвяціў працы на прадпрыемстве больш за 30 гадоў

Люди
Майстар на ўсе рукі, так адгукаюцца літаральна ўсе на мясцовым хлебазаводзе пра токара Івана Шнітко. Больш за 30 гадоў ён працуе на прадпрыемстве і дасканала ведае «слабыя месцы» як тэхналагічнага абсталявання, так і ведамаснага аўтамабільнага транспарту.

Шмат гадоў таму назад Іван пасля заканчэння Слабодкаўскай школы пайшоў у тэхналагічнае вучылішча ў Віцебску, дзе атрымаў спецыяльнасць токара. Так аднойчы абраная прафесія стала справай усяго жыцця.

Пасля вучылішча І. Шнітко тачыў металічныя дэталі для аўтатранспарту АТП № 18, Полацкай аўтакалоны, а з 1992 года трывала замацаваўся на Браслаўскім хлебазаводзе. З таго часу нельга нават злічыць, колькі валоў, утулак, шасцярнёў вытачыў ён для гаспадарчых патрэб прадпрыемства. Іван не проста токар. Хоць яго майстэрня абсталявана двума такарнымі, фрэзерным, свідравальным і затачным станкамі, але падчас рамонту ніяк не абысціся і без звычайнага ручнога інструменту.

І. Шнітко ніколі не абмяжоўваецца толькі сваімі абавязкамі токара, а разам са слесарамі скрупулёзна ліквідуе тэхнічныя непаладкі механічнага абсталявання, за што яго і шануюць. ■

Казимир ПЕТУШКО