Надзейны і неабходны гаспадарцы чалавек. Святлана Максімава і яе прафесійныя клопаты

Люди
«Яна ў нас каштоўны работнік: адна выконвае функцыі і заатэхніка, і асемянатара, і ветурача», – так пра Святлану Максімаву кажа дырэктар ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Міхайлаў.

С. Максімава працуе ў гаспадарцы ўжо 25 гадоў. Спачатку была даяркай, пазней вывучылася азам асемянатарскай справы і працавала на ферме адразу па двух спецыяльнасцях. Пра яе заўсёды добра адгукалася кіраўніцтва, бо жанчына сур’ёзна ставілася да работы. Сёння Святлана лічыцца загадчыцай фермы, але адказвае яна за ўсё пагалоўе ў гаспадарцы. Жанчына расказвае, што любіць жывёлу і вельмі перажывае за кожную галаву.

Цяпер у «аграсэрвісе» няма дойнага статка – жывёлагадоўля тут накіравана на вытворчасць мясной прадукцыі. Гаспадарка мае амаль 550 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 217 цялушак пад злучку, 152 – цялят, 2 быкоўасемянатараў, астатнія – мясныя каровы. Кожную з іх Святлана, як кажуць, пазнае па пысы. А як інакш? Кожную раніцу зімой ці летам да 8 гадзін яна ў курсе ўсіх падзей: ці ёсць захварэўшыя ў статку, хто страціў апетыт, каму пара цяліцца. Гэтую, здавалася б на першы погляд, дробязную інфармацыю яна запамінае і інфармуе дырэктара. Пасля разам яны вырашаюць, як быць. Загадчыца, калі трэба, і ўкол зробіць, і ацяліцца дапаможа.

С. Максімава – чалавек паважаны, надзейны і неабходны ў гаспадарцы. Святлана і днём, і ноччу гатова выконваць рабочыя задачы, калі ўзнікае неабходнасць, яна спяшаецца па дапамогу жывёлаводам. Дарэчы, акрамя яе, у жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства задзейнічаны ўсяго тры даглядчыкі: 2 дзённыя і адзін начны.

Сёлета ў гаспадарцы цялушак пакрывалі натуральным шляхам: за месяц 2 быкі асемянілі 250 галоў, якія пазней далі добры прыплод. У большасці за захаванасць статка таксама адказвае Святлана. Кароў тут сытыя, адкормленыя і ладныя.

Такім чынам, захаванасць статка за 10 месяцаў года ў райаграсэрвісе 98 %, а сярэднясутачныя прывагі – прыкладна 600 грамаў. ■

Ольга ПОТАПОВИЧ