Удалы старт. Даярка з КУСП «Браслаўскі» дабілася тэмпу росту надояў у 131 %

Новости
Кацярына Сіўцова, маці чатырох непаўналетніх дзяцей, можна сказаць, навічок у жывёлагадоўлі. Пасля выхаду з водпуску па доглядзе дзяцей яна засвойвала навыкі аператара машыннага даення ў спрактыкаваных жанчын па вытворчасці малака і ў галоўнага заатэхніка ААТ «Друйскі» Надзеі Яновіч.

А сёлета яна ўжо ў КУСП «Браслаўскі» сфарміравала групу з 45-і навацельных кароў, раздаіла іх і атрымала за шэсць месяцаў 2 358 кг малака ўдою на каровову – 131 % росту да перыяду мінулага года, калі яна была падменнай даяркай.

Жанчына кажа, што кожная маладая карова мае свой характар, ці нораў, да якога трэба прызвычаіцца, каб жывёла давярала табе. І ў Кацярыны гэта атрымліваецца: раздоеная група цяпер аддзячвае сваёй гаспадыні важкімі літрамі парнога малака.

К. Сіўцова вельмі задаволена як бытавымі ўмовамі (сельгаспрадпрыемства пасяліла шматдзетную сям’ю ў доме з усімі выгодамі), так і высокай аплатай сваёй працы. Яна сцвярджае, што калі будзеш рупліва адносіцца да сваёй справы, то аддача не заставіць чакаць сябе. ■

Казімір ПЯТУШКА