«На траіх — больш за 700 кароў». Маладая даярка з Браслаўскага раёна расказала пра сваю работу

Люди
Марыя Белавус працуе даяркай у ААТ «Агравідзы». У спісах узнагароджаных да Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці насупраць яе прозвішча быў запіс «спецыяліст да 31 года». Калі збіралася на сустрэчу, уяўляла сабе маладую жанчыну, як кажуць, кроў з малаком гадоў пад трыццаць, а з фермы выйшла дваццацігадовая худзенькая дзяўчына…

Нягледзячы на свой яшчэ зусім юнацкі ўзрост і такую далікатную постаць, Марыя ўжо другі год запар працуе на ўзроўні з вопытнымі даяркамі гаспадаркі. Па першым часе, прызнаецца, было вельмі цяжка: балелі рукі, ногі, спіна. Паступова прызвычаілася маральна, ды і цела прывыкла да нялёгкай працы. Варыянтаў жа прафесій на сяле не так і шмат. А калі яшчэ і сваякі заняты ў сельскай гаспадарцы, то такая работа бачыцца абсалютна натуральнай для вясковага жыхара.

Прыкладна так і атрымалася ў Марыі: дзве старэйшыя сястры таксама шчыруюць ў сельскагаспадарчай галіне. Яе ж на ферму прывяла хросная, паручылася, і пакуль што чырванець за хросніцу не прыходзіцца.

Дзень маладой даяркі пачынаецца а палове шостай раніцы. Ад дома яе, як і іншых працаўніц, забірае «газэль» гаспадаркі і вязе на ферму. Глыток-другі моцнай падбадзёрлівай кавы – і аператары машыннага даення накіроўваюцца ў даільную залу. Тут на траіх іх чакаюць больш за 700 кароў. Раніцай трэба падаіць кожную, тлумачыць Марыя, у абед і вечарам – дзейнічаць па абставінах. Гэта ўжо цяпер яна можа даваць парады сама, а адразу, безумоўна, азам абыходжання з жывёлай і даільным апаратам вучылі вопытныя супрацоўніцы. Пытаюся, можа, ёсць якія-небудзь уласныя «прыёмчыкі» ў зносінах з кароўкамі. Марыя ўсміхаецца: «Каровы не такія і ручныя жывёліны, іх асабліва не напесціш, можна і атрымаць незнарок. Аднак ёсць у мяне адна любіміца – сама беленькая, клічу яе Бяляшык, стараюся заўсёды да яе падысці».

Увогуле калектыў фермы дзяўчыне падабаецца: людзі тут працуюць добрыя, вясёлыя, любяць і пажартаваць, і папрацаваць. Калі ж спатрэбіцца, упэўнена М. Белавус, па-бацькоўску падтрымаюць і дапамогуць. Задавальняюць і ўмовы працы, заробак, як для адной, таксама неблагі.

У вольны ад работы час любіць Марыя пачытаць ці пазаймацца кветкаводствам. Жыве дзяўчына асобна ад бацькоў, сваёй гаспадаркі яшчэ не мае, але з фермы яе заўсёды чакаюць дамашнія гадаванцы – чатыры каты. ■

Вера БУЛАНАВА