«Атрымліваю асалоду ад таго, чым займаюся». Ларыса Дарафейчык у праекце «Пішам гісторыю разам»

Люди
«Атрымліваю асалоду ад таго, чым займаюся», – з такімі словамі і ўсмешкай на твары запрасіла мяне да сябе ў майстэрню новая гераіня нашага праекта – Ларыса Дарафейчык, імя якой на слыху не толькі ў браслаўчан. Яе кераміка, выцінанкі, маляванкі і іншыя вырабы ручной работы неаднойчы займалі прызавыя месцы на разнастайных выставах майстроў Беларусі.

ДЗЯЦІНСТВА І БАБУЛІНА ЗАХАПЛЕННЕ

Лёс Ларысы склаўся так, што яе гадавалі бабуля і дзядуля. Сёння ўжо дарослая жанчына ўспамінае іх толькі цёплымі словамі. Яны стараліся аддаць усю любоў і пяшчоту ўнучцы, рабілі так, каб тая была шчаслівая. Многім у сваім жыцці, кажа Ларыса, яна абавязана менавіта ім, асабліва сваім любімым заняткам – ганчарствам.

Справа ў тым, што бабуля ўсё жыццё рабіла гліняны посуд і гэтым зарабляла на жыццё (часам і немалыя грошы). Асвоіла яна гэтае рамяство яшчэ да вайны. Падобны занятак дзяўчат тады не вельмі адабралі, а вось яе брат ездзіў на вучобу і, калі сам атрымаў навыкі, паказаў азы сваёй сястры. Тая палюбіла гэтую работу, і ганчарства стала справай яе жыцця.

Ларыса штодзень бачыла, як на ганчарным крузе працуе яе бабуля Ніна Кузьмінова, хацелася і дзяўчынцы паспрабаваць зрабіць штосьці падобнае, але жанчына не дазваляла, казала: «Не лезь у гэта, лепш вучыся і набывай адукацыю». Але ўнучка не слухала і, пакуль бабуля вечарамі займалася гаспадаркай, Ларыса спрабавала круціць нагамі кола і ляпіць вазачкі. Аднойчы бабуля застала дзяўчынку за работай з глінай, ціхенечка паназірала і сказала: «А з яе будзе толк!» З таго часу ўнучцы дазвалялася спрабаваць свае сілы ў ганчарнай справе.

Сёння Ларыса добра памятае, як разам са сваімі глінянымі талеркамі, гаршкамі, кубкамі бабуля ўзяла яе і павязла ў Відзы на базар, дзе тавар хутка раскупілі. Так дзяўчынка зарабіла свае першыя грошы і купіла сабе заколку на валасы. Яе тады перапаўняла адчуванне гонару за сваю работу.

У канцы 1980-х гадоў пачалася тэндэнцыя па аднаўленні народных рамёстваў, і Ніну Кузьмінову запрасілі ўдзельнічаць у мясцовым клубе рамёстваў. Бабуля бачыла патэнцыял ва ўнучцы і пачала сур’ёзна вучыць яе ганчарнай справе і нават браць з сабой на сустрэчы з іншымі ганчарамі, побач са сваімі вырабамі на выстаўках дэманстраваць і вазачкі ўнучкі.

Упершыню пра сям’ю ганчароў «Браслаўская звязда» пісала ў 1989 годзе.


«Сярод шматлікіх майстроў, што прынялі ўдзел у «Браслаўскіх зарніцах», былі Ніна Аляксееўна Кузьмінова і Ларыса Мацур. Бабуля з унучкай займаюцца ганчарствам. Вырабляюць дамашні посуд, вазачкі для кветак. На выстаўцы ў леснічоўцы было шмат іх работ, якія вабілі вока наведвальнікаў. А калі Ларыса села за ганчарны круг, вакол яе сабраўся вялікі натоўп. Многія пажадалі паглядзець, як кавалак гліны ператвараецца ў гляк. Побач з дзяўчынай стаяла бабуля. Ніна Аляксееўна давала парады, расказвала пра такую простую для яе і такую складаную для гледачоў тэхналогію вырабу посуду з гліны.»


У тым жа годзе ў «Браслаўскай звяздзе» быў надрукаваны артыкул пра Ніну Кузьмінову, у якім параўноўваліся стылі работ бабулі і ўнучкі:


«…Бабуля радуецца і шчыра ганарыцца ўнучкай. Паказала нам і свае работы, і Ларысіны. У іх адразу праглядаліся два падыходы, два стылі. Зведаўшая ў сваім жыцці нястачу, Ніна Аляксееўна лепіць тое, што патрэбна ў гаспадарцы. Карыснасць рэчы – вось яе падыход да ганчарства. Малочныя жбаны, міскі пад бульбу ці масла… І зусім іншы падыход у Ларысы. Яна заклапочана прыгажосцю форм, і яе рукі ствараюць вытанчаныя вазоны для кветак, малочніцы, цукерачніцы…»


СВОЙ ШЛЯХ У ДАРОСЛАЕ ЖЫЦЦЁ

Як заўсёды хацелася бабулі, унучка добра вучылася, а яшчэ ўмела прыгожа маляваць і займалася танцамі, таму пасля школы паступіла ў сталічны інстытут культуры, дзе атрымала дыплом рэжысёра тэатральнага калектыву. Гады вучобы для дзяўчыны былі часам пошуку сябе і работы над сабой. Паралельна Ларыса працавала ў сельскім клубе ў вёсцы Усяны. Ёй падабалася, але яна не забывала і пра захапленне керамікай.

У «Браслаўскай звяздзе» ад 23 чэрвеня 1993 года ў артыкуле «Бабуліна спадчына» расказваецца пра чарговую выстаўку гліняных вырабаў бабулі і ўнучкі на «Славянскім базары» і асабіста пра творчы шлях Ларысы:


«… Яе збаны (Ларысы) больш тонкія, з вузкімі рыльцамі – нешта стылізаванае на ўсходні манер. Так ёй здаецца больш прыгожым, пра зручнасць і традыцыі яна думае менш…»


Ад гэтай цягі да творчасці і Ларысіна захапленне глінянай цацкай. А бабулі шкада часу на такі дробязны занятак: «Усе гэтыя жартаўлівыя і прыгожыя фігуркі розных звяркоў, птушак, людзей не вартыя сур’ёзнай увагі сапраўднай майствыхі», – думала Ніна Аляксееўна.

Творчая натура Ларысы доўга шукала сябе. Ёй прыносіла вялікае захапленне працаваць у сферы культуры: пісаць сцэнарыі і выходзіць на сцэну. З задавальненнем яна вяла тэатральны гурток у васьмігадовай школе. Пазней – у 1993 годзе – яна стала выкладаць асновы беларускай керамікі ў Доме піянераў.

У гэты час Ларыса сустрэла сваю другую палавіну – маладога трэнера – і выйшла за яго замуж. У іх нарадзіліся дзве дачушкі, якім ад маці і прабабулі ў спадчыну перадаліся творчыя задаткі. Дзяўчынкі добра малявалі і таксама спрабавалі ляпіць. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй абедзве выбралі керамічную справу.

Лёс пастаянна кідаў Л. Дарафейчык ад любімай прафесіі культработніка да справы яе жыцця – ганчарства. Як успамінае гераіня, не было такога, каб яна займалася тым, што не прыносіць асалоду. Яна вельмі любіць сцэну, і тая адказвае ёй узаемнасцю. Сёння ўжо 13 гадоў, як Ларыса працуе ў музейным аб’яднанні, але зноў і зноў выходзіць перад гледачамі ў ролі вядучай разнастайных мерапрыемстваў.

З 2010 года Л. Дарафейчык – майстар музея традыцыйнай культуры, як калісьці была яе бабуля. Жанчына, не разважаючы, пагадзілася і да сённяшняга дня не пашкадавала пра такі выбар.

ЗНАЙШЛА СЯБЕ Ў ПРАФЕСІІ

Перажыла Ларыса Дарафейчык нямала: разлуку з маці, смерць любімых бабулі і дзядулі, сустрэчу з сур’ёзнай хваробай, але яна стойка вытрымала ўсе жыццёвыя выпрабаванні і, магчыма, стала яшчэ мацнейшай. Яна ўмее падтрымаць, суперажываць і любіць людзей. Яе часта называюць «чалавекам-усмешкай», «чалавекам-свята», бо Ларыса валодае харызмай і заражае пазітыўным настроем усіх навокал.

Сёння жанчына паспяхова авалодала і цяпер дзеліцца майстэрствам з дарослымі і дзецьмі такіх рамёстваў, як выцінанкі, маляванкі, роспіс яек, традыцыйныя лялькі. Але любоў яе жыцця – безумоўна, ганчарства. Са сваім кругам яна выязджае на розныя конкурсы, выстаўкі і майстар-класы, расказвае пра самабытнае рамяство і дэманструе свае вырабы.

У майстэрні музея, дзе працуе Ларыса, стаіць бабулін ганчарны круг і вырабы, зробленыя рукамі самага блізкага для яе чалавека. Менавіта яны часта натхняюць майстрыху на новыя здзяйсненні. Сёння ў сваім стылі яе вырабы ўсё больш і больш становяцца падобнымі на бабуліны. Майстрыха кажа, зразумела, што менавіта бабуля хацела ёй даказаць шмат гадоў: ганчары з даўніх часоў рабілі так, каб той посуд, якім карыстаецца гаспадыня, было зручна трымаць і лёгка мыць – гэта і ёсць рысы беларускай народнай керамікі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ