У Браслаўскай сярэдняй школе № 2 правялі спартыўнае свята

Новости
З пачаткам новага навучальнага года школьнікі – прыхільнікі здаровага ладу жыцця і фізкультуры адкрылі чарговы сезон. У Браслаўскай сярэдняй школе № 2 ён стартаваў з традыцыйнага вераснёўскага Дня здароўя, у рамках якога навучэнцы і педагогі правялі спартыўнае свята.

Яго ўдзельнікаў вітаў дырэктар школы Анатоль Невярковіч. Ён адзначыў, што ясны суботні дзень найлепшым чынам падыходзіць для спорту і добрага настрою, і разам з тым нагадаў, што выкананне хлопчыкамі і дзяўчынкамі адпаведных нарматываў – своеасаблівая прыступка, спосаб праявіць сябе і трапіць на абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, бо падчас мерапрыемства з красамоўнай назвай «На крылах спорту» адначасова будзе праходзіць адбор на раённую спартакіяду.

Верагоднасць поспеху засведчыў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Рыгор Станіслаўчык, які ад імя сваіх калег-педагогаў падзякаваў навучэнцам за іх ранейшыя спартыўныя дасягненні. Менавіта дзякуючы ім СШ № 2 з’яўляецца нязменнай пераможніцай раённай спартакіяды сярод школьнікаў, а яе юных спартсменаў ведаюць на абласным і рэспубліканскім узроўні. Педагог заклікаў дзяцей і далей утрымліваць планку на дастойнай вышыні.

На бадзёры лад і імкненне да перамогі скіраваў прысутных таксама вясёлы танцавальны флэшмоб, да якога далучыліся не толькі навучэнцы, а і іх настаўнікі на чале з дырэктарам. Умацаваўшы такім чынам свой спартыўны дух, удзельнікі мерапрыемства дружна рушылі на стадыён, дзе разгарнуліся асноўныя падзеі.

Навучэнцы 5 – 6 класаў спаборнічалі на бегавой дарожцы: дзяўчынкі пераадольвалі дыстанцыю 60 і 500 метраў, хлопчыкі – 60 і 800. Пасля лёгкаатлетычных забегаў хлопчыкі з 7 – 8 класаў высвятлялі на футбольным полі, хто лепш валодае мячом, дзяўчаты ж на суседняй пляцоўцы спаборнічалі ў піянерболе.

Была магчымасць паказаць свае спартыўныя навыкі і ў трэцякласнікаў: яны з энтузіязмам змагаліся ў хуткасці, спрыце ды згуртаванасці ў эстафетах.

Так дзякуючы «крылам спорту» ва ўдзельнікаў свята ўсё было на вышыні – і вынікі, і цудоўны настрой. ■

Жанна БЯЛЬКО