Глядзіце, як у Браславе прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў

Новости
У жніўні 2009 года пад адкрытым небам на алтары-караблі, размешчаным каля браслаўскага санктуарыя, адбылася імша, падчас якой абраз Маці Божай Валадаркі азёр быў уганараваны папскімі каронамі. З таго часу ўрачыстасці, прысвечаныя нябеснай апякунцы нашага сінявокага краю, святкаваліся штогод і сёлета прайшлі 18 – 19 чысла чатырнаццаты раз. Падчас правядзення рэлігійнага мерапрыемства з’явіліся і замацаваліся пэўныя традыцыі, якія сталі неад’емнай яго часткай.
ВІТАННЕ ПІЛІГРЫМАЎ

Сёлета вернікі розных пакаленняў зноў выправіліся ў дарогу да Браслава, не зважаючы на спёку. Каб пазбавіцца будзённай мітусні, удзяліць больш часу разважанням, малітве ды спраўдзіць пажаданае (інтэнцыю), больш за 100 чалавек у складзе дзвюх груп з Глыбокага і Удзела прайшлі амаль 100 кіламетраў, некалькі пілігрымаў абралі прыватны шлях на веласіпедах. На парозе браслаўскага санктуарыя падарожнікаў, якія перамаглі свае слабасці і засведчылі веру, шчыра вітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

ПРЫСЯГА ВЕРНАСЦІ І ЛЮБОВІ

У браслаўскім касцёле прайшла канферэнцыя для сямейных пар – яе правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Узгадаўшы ўрывак з Евангелля пра будоўлю дома на пяску і скале, святар патлумачыў, што словы Хрыста маюць на ўвазе любоў адзін да аднаго і веру ў Бога, і засведчыў важнасць супольнай сямейнай малітвы: яна можа спыніць крыўды і ператварыць іх у словы суцяшэння. У завяршэнне мерапрыемства перад алтаром Маці Божай Браслаўскай пары аднавілі свае сужэнскія абяцанні вернасці.

АБРАД ХРЫСЦІЯНСКАЙ СТАЛАСЦІ

Больш як 70 маладых вернікаў пажадалі ўмацавацца дарамі Духа Святога і свядома сказаць «так» Богу. Падчас імшы пастыр Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч удзяліў кандыдатам сакрамэнт канфірмацыі разам з біскупам Юрыем Касабуцкім, які затым звярнуўся да прысутных з пропаведдзю. Ён разважаў пра вялікую таямніцу бежмавання, калі асоба пацвярджае, што гатова свядома прыняць хрысціянскія каштоўнасці, і пажадаў усім кіравацца ў жыцці Духам Святым.

НАЧНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ

Непагадзь унесла свае карэктывы ў праграму ўрачыстасцей: праз навальніцу і дождж давялося адмяніць працэсію з копіяй абраза Маці Божай Валадаркі азёр па вуліцах горада, а ружанцовая малітва адбылася ў касцёле. Аднак біскуп Юрый Касабуцкі падтрымаў духоўна парафіян і пілігрымаў. «Няма нічога дрэннага, чаго Бог не ператварыў на добрае», – такімі словамі пачаў ён начную імшу. Тым часам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прамовіў пропаведзь, у якой засяродзіўся на цэнтральнай ролі Марыі ў Божым плане выратавання чалавека.

СУМЕСНАЯ МАЛІТВА ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ

Кульмінацыяй фэсту стала суботняя імша на палявым алтары. Для сумеснай малітвы на касцёльнай плошчы сабралася мноства вернікаў. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел шматлікія святары, прадстаўнікі мясцовай улады – старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка і яго намеснік Вольга Вялічка – і дыпламатычнага корпусу. Біскуп А. Буткевіч падзякаваў усім, хто дапамагаў у арганізацыі і падрыхтоўцы мерапрыемства і, прытрымліваючыся сёлетняй тэмы «Марыя – Ахоўніца згоды і супакою», папрасіў у Нябеснай Маці заступніцтва для нашай краіны і для ўсяго сучаснага свету. А мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў літургію, засведчыў, што Марыя праз малітву «змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні, малыя і вялікія», чаму варта ў яе павучыцца, і назваў Браслаў духоўнай школай Маці Божай. Вернікі ўрачыста ўзнеслі малітоўную хвалу і з хваляваннем слухалі акт аддання ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.

Напрыканцы набажэнства біскуп Алег Буткевіч запрасіў прысутных на наступныя ўрачыстасці, калі будзе адзначацца 15-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі азёр. ■

Жанна БЯЛЬКО