Браслаўчан запрашаюць наведаць выставу вырабаў з бяросты

Отдых
У музеі традыцыйнай культуры дзейнічае выстава, на якой прадстаўлены вырабы з простага, але і разам з тым незвычайнага матэрыялу – бяросты.

На першы погляд гэта пласт бярозавай кары, аднак з яго вырабляюць пано, карціны, посуд, берасцянікі, жаночыя ўпрыгожванні, цацкі і інш.

На выстаўцы можна ўбачыць работы майстрыхі з Верхнядзвінскага раёна Галіны Тушкінай, якая спецыялізуецца на карцінах з бяросты. Па прафесіі яна настаўніца, але гэтае хобі стала неад’емнай часткай яе жыцця.

Ёсць на экспазіцыі і работы народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валерыя Зінкевіча, які займаецца аднаўленнем старадаўняй тэхналогіі аплятання ганчарнага посуду бяростай. Што атрымліваецца ў выніку карпатлівай працы браслаўчаніна, можна ўбачыць у музеі.

Падрыхтавала для выстаўкі шэраг вырабаў з бяросты і Людміла Шчапіла, сястра Валерыя Зінкевіча. У яе з гэтага матэрыялу атрымліваюцца вытанчаныя жаночыя ўпрыгажэнні, аксесуары і іншыя рэчы.

Выстаўка будзе працаваць да 10 верасня. ■

Алена НАБЕЕВА