Сёння сяўба азімага рапсу стала тэмай нумар адзін пасля жніва. Прыйшоў агратэхнічны час класці ў глебу насенне алейнай культуры, і ўпусціць яго мы не маем права. Таму разам з уборкай, узворваннем, корманарыхтоўкай і іншымі работамі ўсе сельгаспрадпрыемствы пачалі закладку ўраджаю-2024.
У мінулую пятніцу, 11 жніўня, прайшоў экстранны семінар, дзе галоўнай тэмай павесткі дня была менавіта сяўба азімага рапсу. Сустрэча дырэктараў, аграномаў гаспадарак Браслаўшчыны з галавой раёна Вячаславам Грышчанкам, начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Уладзімірам Яраховічам і некаторымі спецыялістамі ўпраўлення праходзіла прама на полі ў ААТ «Слабодка-агра». Тут чарговы раз В. Грышчанка нагадаў пра задачу Прэзідэнта: тэрмінова пачаць сяўбу азімай алейнай культуры, знаходзіць выйсце, каб весці гэту работу паралельна з уборкай. Таксама старшыня райвыканкама папярэдзіў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, што дадзеная тэма знаходзіцца пад поўным яго кантролем.
«Не мне вам казаць, што рапс – гэта адна з высокарэнтабельных культур, а значыць, важны для эканомікі аграрных арганізацый і разам з імі раёна ў цэлым. Нам патрэбна спланаваць работу па сяўбе так, каб не панесці страт на ўборачнай. Трэба абавязкова паспець пасеяць у агратэхнічны тэрмін і атрымаць высокі ўраджай у наступным годзе», – канстатаваў Вячаслаў Грышчанка.
Першым сельгаспрадпрыемствам, якое пачало закладку будучага ўраджаю, стала «Слабодка-агра», потым адна за другой уключыліся ў гэтую работу іншыя гаспадаркі.
Сёлета ў Браслаўскім раёне запланавана засеяць 1 750 гектараў азімай алейнай культурай, па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на 15 жніўня план выкананы на 18,2 %. Сельгаспрадпрыемствы амаль поўнасцю апрацавалі глебу гліфасатутрымліваючымі гербіцыдамі і падрыхтавалі яе. Паралельна з уборкай ураджаю вядуць яго новую закладку.
Як расказалі ва ўпраўленні райсельгасхарчу, для рапсу былі падабраны лепшыя палі. Культура патрабуе вільготнай глебы, але без асаблівых перападаў, дзе могуць утварацца мокрыя месцы. Старанна выбіраюць і папярэдніка для рапсу. Што датычыцца насення, то ўсе гаспадаркі ім забяспечаны ў поўным аб’ёме. Частка насення была сабрана на ўласных палетках, астатнюю закупілі. Дарэчы, для сяўбы выкарыстоўваўся матэрыял толькі элітнай рэпрадукцыі. А «Маяк Браслаўскі» ўвогуле заўсёды сее гібрыды. Хоць гэта дорага, але не першы год тут даказваюць, што справа таго каштуе. Напрыклад, сёлета ўраджайнасць азімага рапсу ў «Маяку» на асобных палетках дасягала 48 ц/га, а сярэдняя была 35,6 ц/га пры сярэднераённай амаль 20 ц/га. ■