З ЯГАД НОВАГА ЎРАДЖАЮ
Варэнневарачны цэх райхарчкамбіната ўжо выпусціў 22 тыс. умоўных банак кансерваў. Гэта 75 % гадавога плана, які летась быў выкананы на 220 %. Сёлета ў гонар 40-годдзя БССР калектыў узяў яшчэ большыя абавязацельствы. На складзе рады слоікаў ужо чакаюць адпраўкі ў гандлёвыя арганізацыі. Жыхары раёна ў бліжэйшыя дні змогуць набыць у магазінах клубнічнае варэнне, чарнічны джэм, а таксама журавінавы і яблычны. Шэсць нарыхтоўчых пунктаў прымаюць столькі ягад, што ў цэху пачалі вырабляць і сокі.
ЭЛЕКТРЫФІКУЕЦЦА ГАСПАДАРКА
Новыя белыя слупы закрочылі па в. Баруны. Ад аднаго да другога цягнуцца ніткі электраправадоў – тут будзе цэнтральная вуліца. Электрыфікуюцца таксама вёскі Дубіна і Крывасельцы, у якіх размесцяцца цэнтры паляводчых брыгад. Святло прыйдзе не толькі ў дамы калгаснікаў гаспадаркі імя Чапаева, а і на жывёлагадоўчыя фермы, аблегчыць працу даярак і свінарак. Цяпер вядзецца мантаж лініі, адначасова ўзводзіцца будынак электрастанцыі, якая дасць ток да свята Вялікага Кастрычніка.
НА КУКУРУЗНЫХ ПЛАНТАЦЫЯХ
Члены паляводчай брыгады калгаса імя Сталіна Слабодкаўскага сельсавета вядуць настойлівую барацьбу за вырошчванне багатага ўраджаю. У гэтыя дні вяскоўцы старанна даглядаюць пасевы кукурузы. Каб атрымаць 400 цэнтнераў зялёнай масы, члены перадавога звяна А. Пупель пасеялі культуру ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, на добра ўгноенай і апрацаванай глебе, ужо правялі двухразовую праполку і падкормку на ўсёй плошчы.
НАВІНЫ
– Днямі ў Браслаўскім радзільным доме Алена Томка нарадзіла хлопчыка вагой 6 кілаграмаў 300 грамаў. Гэта рэдкі выпадак. Сапраўдны багатыр нарадзіўся! Як паведамляе ўрач райбальніцы Д. Гурэвіч, маці і нованароджаны адчуваюць сябе добра.
– У сельгасарцелі імя Жданава праводзіцца авансаванне калгаснікаў за першае паўгоддзе. На кожны працадзень выдаецца па 2 рублі. Многія работнікі атрымалі авансам па 1 028 – 1 200 руб.
РАССОЎВАЮЦЦА МЕЖЫ ГОРАДА
Расце і прыгажэе наш родны Браслаў: за 3 апошнія гады тут пабудавана 5 шасцікватэрных дамоў плошчай 980 кв. м. Здадзены ў эксплуатацыю 8-кватэрны цагляны дом па вул. Новай, хуткімі тэмпамі ідзе ўзвядзенне будынкаў па вул. Садовай: цаглянага – на 8 кватэр і драўлянага – на 6. Павялічыўся лік індывідуальных забудоўшчыкаў. За два гады ў Браславе з’явілася новая вуліца Садовая, завулак Дзяржынскага, многа дамоў пабудавалі жыхары і ў іншых частках горада. Запланавана ўзвядзенне кінатэатра, Дома гандлю, КБА, гасцініцы, 8- кватэрнага дома і інш.
БРАЦЕ ЁРШ!
«Мы ведаем, што ты і твае родзічы прывыклі жыць у чыстай вадзе, – пішуць жыхары з вуліцы Дзяржынскай. – Нам жа даводзіцца карыстацца горка-салёнай. Калісьці вадой са студні ля вакзала людзі нахваліцца не маглі. А цяпер паблізу пасяліўся “Сельгасснаб”, які атрымлівае шмат мінеральных угнаенняў. Пасля дажджу яны трапілі ў студню, і вада была сапсавана. Сёлета такая ж гісторыя паўтараецца з другой студняй. А ў нас узнікае пытанне: куды глядзяць работнікі санітарна-эпідэміялагічнай станцыі?»
ПАЛЕПШЫЛІ АТЭІСТЫЧНУЮ ПРАПАГАНДУ
У гутарках і лекцыях, прачытаных для хлебаробаў калгаса «Перамога», антырэлігійная і прыродазнаўча-навуковая тэматыка займае значнае месца. Лектарская група з 4 чалавек вядзе шырокую прапаганду, перавыконваючы план. Палепшыўся і ідэйны змест лекцый. Нельга сказаць, што ў Быстрамаўскім сельсавеце няма ўжо веруючых, але прапаганда дапамагла многім пазбегнуць дурману. Людзі ахвотна слухаюць гутаркі і лекцыі, усё радзей святкуюць рэлігійныя святы, перастаюць наведваць касцёлы. А гэта ўжо вялікія зрухі