У Браславе працуе выстаўка «Браслаўская палітра»

Отдых
У музеі традыцыйнай культуры распачала сваю работу выстаўка «Браслаўская палітра». Гэта штогадовая экспазіцыя мясцовых мастакоў, на якой яны прэзентуюць свае карціны за апошні перыяд.

Папярэдняя выстаўка праходзіла мінулай восенню. За паўгода ў творцаў з’явіліся цікавыя работы, якія і вырашылі паказаць грамадскасці. Аснову экспазіцыі склалі карціны вядомых браслаўскіх мастакоў, але пры гэтым загучалі і новыя імёны. Прыгожыя краявіды, паўсядзённае жыццё, мясцовыя славутасці – на кожным палатне чытаецца і замілаванне родным краем, і павага да яго гісторыі.

Так, Часлаў Жусель малюе ўспаміны свайго дзяцінства і жыцця, увекавечвае ў сваіх работах родных і знаёмых. Нездарма ён з’яўляецца прадстаўніком інсітнага мастацтва і яго карціны можна ўбачыць у розных тэматычных выданнях. Па словах супрацоўнікаў музея, Ч. Жусель актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах і заўсёды прыносіць новыя творы.

Цікавыя карціны прадставіла на суд мясцовай публікі і Аліна Трукан. Яе работы выстаўляліся ў Віцебску, Мінску, Францыі, Італіі… Яны вельмі далікатныя і пяшчотныя. Мастачка малюе нацюрморты і любімыя пейзажы. А з якой цеплынёй створаны партрэт браслаўчанкі з букетам палявых кветак!

Яркія абстракцыі прывёз для ўдзелу ў экспазіцыі і Мікалай Стас. Знакаміты мастак і дызайнер апошнія гады жыве на Браслаўшчыне, якая натхняе яго на творчасць.

Родам з Відзаў і таленавітая Юлія Шылай. Яна цалкам аддаецца любімай справе, і гэта бачна па яе работах, якія кожны раз здзіўляюць задумай і карпатлівым выкананнем розных дэталей.

Другі раз выстаўляюцца бацька і дачка Андрэй і Насця Гурыновы. Андрэй ад вырабу сувеніраў перайшоў да напісання карцін, і, па водгуках прафесіяналаў, у яго гэта нядрэнна атрымліваецца. Свае крокі ў свет мастацтва робіць і Насця, а вынікамі ахвотна дзеліцца з браслаўчанамі.

Некалькі работ пасля персанальнай выстаўкі для ўдзелу ў «Браслаўскай палітры» пакінуў і наш зямляк, які цяпер жыве ў Глыбокім, Валерый Леўша. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Англіі, Літвы, Латвіі, Сінгапура. І, вядома ж, выстаўка не была б поўнай без яшчэ аднаго мастака. Яго ўжо няма побач з мясцовымі творцамі, але ён непарыўна звязаны з браслаўскай зямлёй і памяць пра яго жыве ў карцінах. Супрацоўнікі МТК падрыхтвалі да ўдзелу ў экспазіцыі невядомыя шырокай публіцы работы Яна Рыдзікі.

«Браслаўская палітра» паказвае, наколькі шматгранная наша Браслаўшчына і што кожны мастак знойдзе ў ёй сваё натхненне. Выстаўка ж будзе працаваць да 20 верасня. ■

Алена НАБЕЕВА