Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Камянецкі раён

Новости
Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня здзейсніў рабочую паездку ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вырошчваннем розных сельскагаспадарчых культур, развіццём малочнай жывёлагадоўлі і будаўніцтвам малочнатаварных комплексаў, сустрэўся з вяскоўцамі.

Падчас гутаркі з насельніцтвам аграгарадка Белавежскі Прэзідэнт заявіў, што на працы сельскіх жыхароў трымаецца Беларусь. «Вы, вядома, малайцы. Я (заўважаю за сабой) рэдка хвалю людзей, але вы малайцы. Дзякуй вам вялікі за працу. Вяскоўцы наогул у нас людзі моцныя. Хвалю вас не таму, што я сам з вяскоўцаў. Вы моцныя людзі, на вас трымаецца краіна», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажылі Галаве дзяржавы, у цэлым па рэспубліцы ёсць добрыя разлікі на ўраджай па многіх культурах, хоць у перыяд засухі і былі апасенні. Ён пры гэтым засяродзіў увагу на абавязковым захаванні аграрыямі тэхналогій. Яшчэ глабальнае даручэнне ад Прэзідэнта – замяшчэнне імпартных сартоў айчыннымі, бо забяспечанасць уласным насеннем – гэта і пытанне харчовай бяспекі. Таксама кіраўнік дзяржавы патрабуе «паднімаць» па ўборцы Віцебскую вобласць. Размова пра тое, каб з улікам кліматычных асаблівасцей высейваць там больш ранніх культур – азімага ячменю, рапсу і інш.

Азнаёміўшыся з ходам уборкі збожжавых на Брэстчыне, беларускі лідар канстатаваў, што ў плане сельгасработ час вельмі абмежаваны. «Таму расслабляцца ні ў якім разе нельга», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуўся Прэзідэнт і да іншых тэм. «Самая вялікая праблема для нас цяпер ужо не эканамічная (хоць усё ад эканомікі), а дэмаграфічная. Нам трэба больш, больш, больш насельніцтва», – падкрэсліў ён і заявіў, што дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць шматдзетныя сем’і, заўважыўшы: у іншых краінах няма такога сацыяльнага пакета, як у Беларусі.

Гаворачы пра сітуацыю ў свеце, Галава дзяржавы адзначыў, што час настаў няпросты, аднак беларусы – людзі мірныя. «Але я хачу, каб вы разумелі: мы зброяй не бразгаем, але рыхтуемся ў любы момант абараніць сваю краіну», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. ■

Паводле матэрыялаў БелТА