Куды пайсці і што паглядзець. Поўная праграма міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы»

Отдых
На выхадных пройдзе свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Куды пайсці і што паглядзець.

У суботу, 3 чэрвеня, у 12 гадзін у выставачнай зале Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі «Крылатыя фарбы Браслаўшчыны» ксяндза з Друі Сяргея Сурыновіча. Адначасова ў Браслаўскім ЦДіМ распачнецца адкрыты дзіцяча-юнацкі конкурс харавых асамблей, а ў 14.00 эстафету моладзі падхопяць дарослыя калектывы «Браслаўскай харавой асамблеі» (іх творчае спаборніцтва пройдзе ў РЦК. ) З 15 да 16 гадзін аматараў інструментальнай музыкі чакаюць у лесапарку «Леснічоўка» на канцэрт «Баян – батл/Fэст».

У 17.30 удзельнікі і госці свята ўрачыстай калонай адправяцца з гарадской плошчы ў лесапарк «Леснічоўка», дзе ў 18.00 пачнецца канцэрт-прывітанне «Творчасць. Сяброўства. Яднанне», а ў 21.00 выступіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха.

Традыцыйны фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» ўрачыста адкрыецца ў 19 гадзін на гарадзішчы «Замкавая гара». Аднак ужо з раніцы гістарычныя клубы пачнуць разбіваць свае пляцоўкі, а ў 15.00 пачнуцца трэніровачныя баі, у 15.30 – паказальныя выступленні лучнікаў, 16.00 – сярэднявечныя спартыўныя гульні, 17.00 – лекцыі па апрацоўцы крэменю. Вечарам наведвальнікаў чакае традыцыйная здабыча жывога агню, выступленне калектыва «Княжыч», баявая праграма і інш.

У нядзелю, 4 чэрвеня, браслаўчан і гасцей горада запрашаюць на творчую сустрэчу з беларусамі замежжа ў РЦК у 12 гадзін. У гэты ж час у лесапарку «Леснічоўка» пачнецца прэзентацыя інтэрактыўных зон раённага агляду-конкурсу «Усе свае» і фальклорнага падворка «»Вярба» запрашае». Аматары танцавальнага мастацтва змогуць пабачыць майстэрства розных калектываў падчас адкрытага конкурсу «Паазерскія тапаткі». У 16.00 тут жа выступіць поп-фолк гурт «Славянскі стыль». ■