Лукашэнка сустрэўся з членамі Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ

Год мира и созидания
Неабходна фарміраваць новую сістэму міжнародных адносін. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ.

«Мы павінны засяродзіць свае намаганні на фарміраванні новай сістэмы міжнародных адносін, калі глядзець далёка наперад. Заснаванай на агульнапрызнаных нормах і прынцыпах міжнароднага права, а не на нейкіх «правілах», якія нам падсоўваюць з боку Захаду, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Нас увесь час абвінавачваюць, што выбары прайшлі не на нейкіх прынцыпах АБСЕ. А дзе гэтыя прынцыпы, хто сцвярджаў гэтыя прынцыпы? Дзе яны? Не, ёсць «правілы», якія яны ўсталявалі і якія мяняюць пад кожную дзяржаву і падзею. Гэта што?»

На гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што большасць краін, да якіх адносяцца дзяржавы – члены АДКБ, бачаць у шматпалярнасці лепшыя перспектывы развіцця свету.

Беларускі лідар падкрэслівае важную ролю адзінства ў АДКБ для захавання суверэнітэту і незалежнасці яе ўдзельнікаў. «Упэўнены, дэвіз беларускага старшынства “Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі” адпавядае інтарэсам усіх членаў АДКБ. Нельга ў гэтай сувязі абысці пытанне адзінства нашых шэрагаў. Беларусь у рамках свайго старшынства нацэлена на тое, каб распачаць неабходныя намаганні для павышэння згуртаванасці дзяржаў – членаў АДКБ, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Менавіта ў зняцці наяўных супярэчнасцей бачым перспектыву ўмацавання арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці».

Кіраўнік нашай дзяржавы канстатаваў, што цэлы шэраг краін на постсавецкай прасторы сутыкаецца з рознага роду праблемамі і выклікамі. «Але мы неяк збіраліся разам, абмяркоўвалі праблемы. А часам рабілі сур’ёзныя дзеянні для таго, каб неяк супакоіць сітуацыю ў той ці іншай кропцы постсавецкай прасторы. Гэта дарагога варта. Нас спрабуюць развесці. Я, як чалавек дасведчаны, хачу вас папрасіць: акуратна, без шуму, не паддавайцеся на гэтыя хітрыкі! Вы павінны шукаць там, дзе лепш вам, дзе лепш вашым народам», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь у сваю чаргу мае намер і далей прасоўваць прынцыпы справядлівага і шматпалярнага свету, садзейнічаць выпрацоўцы надзейных гарантый для забеспячэння як калектыўнай бяспекі і стабільнасці, так і бяспекі кожнага ўдзельніка міжнароднай супольнасці. ■

Паводле матэрыялаў БелТА