Майстар, якіх мала. Івану Бальсу прысвоена званне «Лепшы па прафесіі»

Люди
Імя Івана Бальса агульнавядомае сярод жыхароў нашага раёна, хоць прафесія ў яго зусім не публічная: ён рамантуе абутак. На працягу 34 гадоў абутнік праводзіць свой працоўны дзень у майстэрні раённага камбіната бытавога абслугоўвання. І хто толькі не адчыняў яе дзверы, звяртаючыся па дапамогу да майстра! Нават многія мінчане больш давяраюць не сталічным майстэрням з новым абсталяваннем, а залатым рукам Івана Бальса, таму, прыязджаючы да бацькоў, просяць тых здаць у рамонт абутак прафесіяналу з высокай рэпутацыяй.

Пасля заканчэння Опсаўскай школы і тэрміновай службы ў арміі Іван працаваў фрэзероўшчыкам у Даўгаўпілсе на лакаматыварамонтным заводзе, атрымаў там кваліфікацыю 5 разраду. Але ў 1984 годзе здарылася няшчасце: у выніку ДТЗ ён быў цяжка траўмаваны. Абутнік і сёння добра памятае, як правёў у гіпсавым кокане 256 дзён. А затым – прадаўжэнне лячэння, рэабілітацыя, пажыццёвая III група інваліднасці. Пазней у пошуках працы з улікам стану здароўя ўладкаваўся вучнем па рамонце абутку, а ўжо праз некалькі месяцаў стаў самастойным абутніком і па сённяшні дзень аказвае паслугі насельніцтву ў Браслаўскім РКБА.

Майстар кажа, што каля 10 гадоў таму назад наплыў кліентаў быў вышэйшы, чым цяпер. Абутак меў лепшую якасць, таму можна было аднавіць практычна ўвесь, а часцей за ўсё прыходзілася заменьваць набойкі на абцасах і маланкі ў жаночых ботах. З цягам часу характар абутку моцна змяніўся. Прыхільніц падэшвы на «шпільках» стала мала (практычна ўсіх іх І. Бальс ведае ў твар), больш распаўсюджаныя з шырокім абцасам ці на платформе. А моладзь увогуле аддае перавагу красоўкам і чаравікам. Пры гэтым стала значна менш абутку, які падлягае рамонту, таму што па прычыне яго якасці рабіць гэта проста не мае сэнсу.

Тым не менш абутнік ніколі не бывае без справы – заменьвае сапсаваныя замкі, маланкі, латае, клеіць, а часцей за ўсё бярэ ў рукі шыла ды дратву і прашывае падэшву. Многія пакупнікі ўсвядомілі, што часам у красоўках ці чаравіках існуе толькі імітацыя прашыўкі падэшвы, якая хутка адклейваецца, таму нярэдка адразу нясуць у рамонт майстру нават новы абутак. І яго роўнаму трываламу шву ручной работы можа «пазайздросціць» нават аўтаматызаваная абутковая машына. ■

Казімір ПЯТУШКА