Прэзідэнт даручыў прааналізаваць работу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый

Новости
На разгляд кіраўніка дзяржавы вынесены праект указа па пашырэнні функцый цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый. Урад прапануе «дагрузіць» гэтыя ўстановы дадатковай работай: павялічыць колькасць і пашырыць пералік бюджэтных арганізацый, якія абслугоўваюцца, даць цэнтрам магчымасць прадстаўляць інтарэсы арганізацый у судах, выступаць заказчыкамі пры будаўніцтве.

Як расказаў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў, у 2020 годзе ў Беларусі стварылі спецыяльныя цэнтры па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, якія сталі займацца бухгалтэрыяй, забеспячэннем, тэхабслугоўваннем і іншымі пытаннямі. Сёння пры выканкамах у краіне працуе 181 такі цэнтр, яны абслугоўваюць больш за 9 тыс. арганізацый, праінфармаваў міністр.

Заслухаўшы дакладчыкаў, Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся, што прынятыя раней меры прынеслі чаканы эфект. Акрамя таго, у кіраўніка дзяржавы ўзніклі пытанні да юрыдычнага аспекту: цэнтры быццам бы існуюць пры выканкамах, але выведзеныя з іх структуры, і да канца не зразумела, каму яны падпарадкоўваюцца.

«Заплануйце мне паездку ў адзін з раёнаў. Я паеду і пагляджу, як гэта функцыянуе, – даручыў Прэзідэнт. – Цэнтралізавалі – гэта правільна. Сабралі ў кучу – дзеля бога. Але пажадана, каб цэнтралізацыя была матываванай. Калі вы цэнтралізавалі і напалову скарацілі, добра. Не дай бог, я паеду ў райвыканкам і ўбачу там хоць адну закавычку не так».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя цэнтры павінны знаходзіцца ў непасрэдным падначаленні старшыні выканкама і не дубляваць функцыі іншых структур, напрыклад, упраўленняў капітальнага будаўніцтва, якія таксама знаходзяцца ў падпарадкаванні мясцовых органаў улады.

У сувязі з гэтым беларускі лідар заклікаў урад максімальна прадумана прымаць падобныя рашэнні. «Самае галоўнае, як нашы новаўвядзенні, якія мы плануем, адаб’юцца на дзейнасці зноў уключаных бюджэтных арганізацый, асабліва ў рэгіёнах? Абгрунтаваныя павінны быць крокі, і мы павінны ад гэтых крокаў атрымліваць эфект», – рэзюмаваў ён.

На такім фоне Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць на месцах працу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, праманіторыць, наколькі эфектыўная іх дзейнасць. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана прапрацаваць дакумент з юрыдычнага пункту гледжання і максімальна падрабязна прапісаць усе палажэнні, каб у будучыні не ўзнікала пытанняў, хто за што адказвае і каму падпарадкоўваецца. ■

Па матэрыялах БелТА