Цэнаўтварэнне – аснова справядлівага свету ў Беларусі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на профільнай нарадзе.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым пытанні ёсць разуменне з боку беларускага грамадства. Людзі бачаць няпростую сітуацыю ў некаторых суседніх дзяржавах, памятаюць пра пандэмію, калі вытворчасць у шэрагу краін спынілася, і яе наступствы, у тым ліку знешнюю, завозную інфляцыю.
«Цэнаўтварэнне – гэта аснова справядлівага свету ў Беларусі. Гэта галоўны артыкул дагавора ўлады і народа. Трэба вытрымаць, выстаяць. Трэба кожнаму імкнуцца захаваць нашу краіну. У нас для гэтага ўсё ёсць», – сказаў Прэзідэнт.
Пры тым важна, каб на плённую працу, адпаведны вынік былі нацэлены абсалютна ўсе. «Не павінна быць такога, што хтосьці з нас не хоча гэтага зрабіць. Не ўмее – мы навучым, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Хто не хоча – адыдзіце ўбок».
На думку беларускага лідара, пытанне вельмі сур’ёзнае. І ў гэтых адносінах трэба варушыцца. А. Лукашэнка выказаўся за тое, каб адбылася размова ўрада з прадстаўнікамі гандлю, вытворчасці і гэтак далей, падчас якой ім будуць падрабязна даведзены патрабаванні Прэзідэнта ў дачыненні да справядлівага рэгулявання цэнаўтварэння.
Паралельна кіраўнік дзяржавы прывёў шэраг фактаў і статыстычных даных, якія характарызуюць сітуацыю на спажывецкім рынку і дынаміку цэн на розныя катэгорыі тавараў.
«Штомесячныя тэмпы прыросту цэн айчынных вытворцаў спажывецкіх тавараў толькі запаволіліся, але не спыненыя. Я і не настойваю на тым, каб цэны былі спыненыя. Таму што пры такой міжнароднай інфляцыі гэта абернецца дэфіцытам на паліцах. Але неабгрунтаваны шалёны рост не павінен быць», – чарговы раз падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што рэгуляванне цэн у Беларусі ўжо дазволіла стрымаць інфляцыйныя працэсы, а прыняцце з кастрычніка 2022 года новых мер спрыяла зніжэнню тэмпаў росту спажывецкіх цэн, у выніку ў 4-м квартале 2022-га была зафіксавана дэфляцыя амаль 2 %. ■
Па матэрыялах БелТА