Пішам гісторыю разам. Браслаўчанін Альберт Белусь і яго лёс на старонках раёнкі

Люди
Больш за 80 гадоў газета «Браслаўская звязда» паведаміла чытачам пра сотні тысяч навін і падзей, расказала вялікую колькасць гісторый з жыцця нашых землякоў: адны з іх станавіліся героямі публікацый раптоўна, іншыя заслужылі гэта шчырай працай, вучобай, дасягненнем у якой-небудзь справе, цікавым заняткам ці іншым. Сёння мы пачынаем новы творчы праект «Пішам гісторыю разам». У ім будзем расказваць пра тых, чые імёны калісьці ўжо гучалі на старонках раёнкі. Для гэтага мы паднялі архіў нашага выдання аж з 1960-х гадоў, перагарталі каля пяці тысяч старонак газет і знайшлі там нямала цікавых людзей і гісторый. З некаторымі героямі мінулых гадоў мы сустрэнемся зноў і даведаемся, як склаўся іх лёс, чым яны займаліся і чаго дасягнулі ў жыцці.
СПРАВАЙ ЖЫЦЦЯ СТАЎ БАЯН

Упершыню пра Альберта Белуся «Браслаўская звязда» напісала ў далёкім 1966 годзе. Тады вясковы адзінаццацігадовы хлопец разам з бацькам прыехаў паступаць у гарадскую музычную школу, дзе яны выпадкова трапілі на вочы карэспандэнту газеты (той прысутнічаў пры іх размове з дырэктарам школы і напісаў пра гэта ў артыкуле).


…Смялей ідзі, – падбадзёрваў сына Альфонс Казіміравіч. – Правераць і скажуць, ці прымуць.

Наведвальнікаў сустрэў дырэктар школы Віктар Мікалаевіч Манкевіч. Ён прагледзеў дакументы, а потым спытаў:

– Даўно грае на баяне?

– З малых год.

Пачаліся прыёмныя экзамены. Альберт іх вытрымаў паспяхова.

Ваш сын прыняты ў першы клас, – паведаміў дырэктар бацьку…


Сёння Альберту Белусю 67 гадоў і ён выразна не памятае гэты лёсавырашальны дзень свайго жыцця. Але менавіта з яго пачалася шматгадовая гісторыя, у якой ён з маленькага хлопчыка, які хацеў навучыцца музычнай грамаце, прайшоў вялікую колькасць прыступкаў па лесвіцы ведаў і пабудаваў сваю кар’еру.

А. Белусь з простай сялянскай сям’і, што жыла ў невялічкай вёсачцы Чэрнішкі недалёка ад Опсы. Цяпер гэтага населенага пункта не існуе. Бываючы на вясковых вяселлях і вечарынах, яшчэ зусім малы Альберт бачыў баяністаў і зайздросціў таму, як яны віртуозна валодаюць інструментам. Вяртаючыся дадому, ён браў кнігу і перабіраў пальчыкамі, імітуючы ігру на баяне. Калі-нікалі выпадаў хлопцу шанц паспрабаваць расцягнуць мяхі на сапраўдным інструменце, і ён з цікавасцю лавіў кожны такі, нават самы кароткі музычны «ўрок». Бацькі бачылі імкненне сына і заахвочвалі яго.

Малады А. Белусь у «Браслаўскай звяздзе» (1971 год).

Аднойчы тата запрог каня і павёз малога ў вёску Друсевічы да сляпога баяніста, які быў вядомай асобай у гэтых краях. Музыка паслухаў хлопца, паказаў яму некалькі акордаў і сказаў бацьку, што сын мае талент і хутка вучыцца, таму параіў уладкаваць яго ў музычную школу.

Добра памятае А. Белусь і той дзень, калі ў сцюжу на кані яны з бацькам ехалі зноў да таго ж музыканта, дзе набылі Альберту першы баян. Яшчэ ў дарозе хлопцу не цярпелася апрабаваць свой інструмент.

Хутка Альберт навучыўся на слых падбіраць ноты амаль да любой песні, вывучаў іх і дома радаваў вядомымі напевамі родных і гасцей. Бацькі, безумоўна, ганарыліся таленавітым сынам.

Музычную школу хлопчык наведваў два разы на тыдзень. Каб ўдасканальваць свае навыкі, спецыяльна ездзіў у горад на аўтобусе.

Дарэчы, у час вучобы Альберт удзельнічаў у разнастайных музычных конкурсах і нярэдка станавіўся іх пераможцам. У сувязі з чым яго імя зноў з’явілася на старонках раённай газеты. Напрыклад, у нумары «Браслаўскай звязды» ад 1 мая 1971 года размешчаны артыкул «Грай, баян, расказвай…», дзе ідзе гаворка пра абласны конкурс маладых музыкантаў.


…Вядучы праграмы аб’явіў:

– Запрашаецца Альберт Белусь, выхаванец Браслаўскай музычнай школы.

На сцэну, хвалюючыся, выйшаў светлавалосы стройны юнак. Вось ён зручна ўладкаваў на каленях інструмент, нахіліў галаву, нібы прыслухоўваючыся да нячутных яшчэ гукаў, і прывычнымі рухамі прайшоўся пальцамі па клавішах. Баян ажыў, задыхаў, загаварыў…

Ад баяністаў патрабуецца добрае веданне тэксту твора, адточаная тэхніка, выдатны музычны слых. Усе гэтыя якасці ў поўнай меры і праявіў Альберт. Ніхто з выпускнікоў раённых музычных школ не здолеў выканаць праграму лепш, чым ён…


У той дзень юны музыкант заняў першае месца ў абласным конкурсе. Як расказваецца ў артыкуле, члены журы ацанілі ігру А. Белуся на выдатна і параілі хлопцу ўсур’ёз заняцца музыкай. Яго настаўнік Алег Рымдзёнак таксама прарочыў вучню творчую кар’еру. Аднак той не спяшаўся і перш-наперш вырашыў закончыць сярэднюю школу. Ён, тады дзевяцікласнік, дапамагаў весці харавы гурток, добра вучыўся па ўсіх прадметах, займаўся спортам і быў актыўным членам агітбрыгады.

У школе Альберту вельмі падабалася гісторыя і ён разважаў пра паступленне ў педагагічны інстытут. Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, на сямейным савеце рашылі, што ўсё ж такі трэба быць яму музыкантам.

ПРАФЕСІЙНАЕ СТАНАЎЛЕННЕ

Юнак лёгка паступіў у музычнае вучылішча ў Маладзечне, дзе паказваў выдатныя здольнасці баяніста. Яму прапаноўвалі пасля вучылішча ісці ў кансерваторыю. Але па волі лёсу пасля 2 курса А. Белуся забралі на 2 гады ў войска. За гэты час, як успамінае наш герой, ён страціў шмат навыкаў і разумеў, што кансерваторыя ўжо не для яго. Вярнуўся на трэці курс у новую групу, дзе і сустрэў каханне свайго жыцця – Ірыну, якая ў хуткім часе стала яго жонкай.

Дарэчы, Альберт быў завідным жаніхом. Мала таго, што статны і прыгожы, сталы (старэйшы за Ірыну на 4 гады), ён у той час працаваў на 2 работах і іграў на вяселлях. Зарабляў дастаткова грошай, каб амаль без дапамогі бацькоў шыкоўна згуляць і сваё вяселле.

Пасля заканчэння вучобы ў 1978 годзе маладая сям’я баяністаў прыехала працаваць на Браслаўшчыну педагогамі ў музычнай школе. Хоць ім знайшлося месца для працы, але Альберт не здрадзіў мары і завочна скончыў педінстытут. Разумеў, што нават калі і не прыйдзецца быць гісторыкам, то вышэйшая адукацыя не перашкодзіць. Да таго ж, расказвае А. Белусь, у інстытуце ён навучыўся без хваляванняў выступаць на публіцы: рыторыка была яго каньком.

У 1985 годзе пры калгасах пачалі ствараць музычныя школы і Альберту Белусю прапанавалі ўзначаліць такую ў Ахрэмаўцах. Ён узяўся за справу з азартам. За сем гадоў наладзіў там і навучальны працэс, і гаспадарчую дзейнасць. Між тым кіраўніцтва заўсёды бачыла ў Альберта Альфонсавіча патэнцыял і давала яму шматузроўневыя задачы, ён жа хутка і выдатна спраўляўся з імі. З 1987 года працаваў у райкаме партыі, потым зноў вярнуўся ў Ахрэмаўцы.

У 80-х гадах імя А. Белуся зноў пачало з’яўляцца на старонках «Браслаўскай звязды» – ужо як настаўніка таленавітых вучняў. А з 1993 года ён становіцца кіраўніком аддзела культуры райвыканкама і часта дае інтэрв’ю, расказвае пра канцэртныя праграмы, з’яўляецца членам журы ў разнастайных творчых конкурсах.

У гэты час расце папулярнасць міжнароднага фестывалю «Браслаўскія зарніцы», на які прыязджае ўсё больш і больш вядомых і не вельмі калектываў. Для землякоў А. Белусь заўсёды імкнуўся арганізаваць шоу-праграмы і выступленні знакамітых эстрадных артыстаў. У 90-х гадах на браслаўскай сцэне не аднойчы выступалі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, ансамбль «Сябры», Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха і іншыя. Начальнік аддзела культуры стараўся зрабіць гэтыя канцэрты даступнымі для кожнага, таму часцей за ўсё іх ладзілі бясплатна для гледачоў і на сцэне амфітэатра ў Леснічоўцы.

У 2008 годзе А. Белусь па ўласным жаданні звольніўся з гэтай пасады і стаў дырэктарам Браслаўскай музычнай школы, якой кіраваў 7 гадоў.

СУЧАСНАСЦЬ

Цяпер Альберт Альфонсавіч пенсіянер, але ён працягвае настаўнічаць і лёс зноў прывёў яго ў любімую Ахрэмаўскую школу. Браслаўчанін з задавальненнем кантактуе з дзецьмі, сустракаецца з калегамі і, як кажа сам, любіць жыць актыўна.

Дарэчы, спорт – яшчэ адно захапленне А. Белуся. У маладым узросце мужчына пасябраваў з Мікалаем Дзянісавым, які тады толькі пачаў працаваць настаўнікам фізкультуры. Менавіта ён «заразіў» Альберта спортам. Разам яны займаліся бегам, ездзілі на веласіпедах, каталіся на лыжах, купаліся да моцных маразоў. У складчыну купілі байдарку і хадзілі на ёй на працяглыя дыстанцыі. На свой 30-гадовы юбілей Альберт вырашыў прабегчы марафон на 30 км і зрабіў гэта. Захапленне спортам ён пранёс праз гады і сёння не здрадзіў яму: у свае 67 год бегае раніцой, з мая па канец лістапада купаецца ў возеры, актыўна займаецца тэнісам. А яшчэ сочыць па ТВ за хакейнымі баталіямі.

– Я не магу доўга сядзець на адным месцы, – кажа А. Белусь, – мне пастаянна патрэбна нешта рабіць ці кудысьці ехаць. Люблю кампанію маладых людзей, як, напрыклад, мае таварышы з групы па тэнісе, і стаўлю сабе складаныя задачы і ў спорце, і ў музыцы, каб пастаянна імкнуцца пераадолець іх. Наогул, музыка заняла асаблівае месца ў маім жыцці: гэта не толькі мая работа, заробак, гэта яшчэ мая любоў, аддушына. Я рады, што ў дзяцінстве бацькі падтрымалі мяне і, хоць ім было няпроста, купілі баян, заахвочвалі да вучобы і дапамагалі вызначыцца з прафесіяй.

Вось так дзіцячае захапленне музыкай стала справай усяго жыцця Альберта Альфонсавіча, і журналіст «Браслаўскай звязды» ў далёкім 1966 годзе не прагадаў, калі напісаў пра паступленне ў музычную школу менавіта гэтага таленавітага хлопца. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ