Лукашэнка пра выстаўку «Беларусь інтэлектуальная»: трэба ўсім паказаць, што робяць нашы навукоўцы

Новости
У Беларусі дастаткова навукова-тэхнічных распрацовак не толькі для абароны і бяспекі, але і для мірнага жыцця. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання выстаўкі «Беларусь інтэлектуальная».

На выстаўцы прадстаўлены сотні распрацовак. Каля паловы з іх ужо рэальна запушчаны ў вытворчасць і паспяхова прадаюцца.

«У гэтым плане ў нас не толькі для абароны і бяспекі, але і для мірнага жыцця дастаткова ўсяго», – адзначыў беларускі лідар.

Асаблівую цікавасць кіраўніка дзяржавы выклікалі распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту. Ён таксама агледзеў стэнд, дзе прадстаўлены айчынныя камп’ютары. «Вы малайцы, паказалі, што мы можам рабіць усё. І як бы ні было складана, мы гэта зрабілі», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку таксама паведамілі пра распрацоўкі ў сферы мікраэлектронікі, цэлы шэраг іншых распрацовак – лазерныя тэхналогіі, вытворчасць інавацыйных акумулятарных батарэй, распрацоўкі ў сферы электратранспарту і космасу, медыцыны, абароны і бяспекі. У гэтым пераліку можна асобна вылучыць беспілотныя лятальныя апараты, якія прызначаны не толькі для вайсковых патрэб, але і, напрыклад, для сельскай гаспадаркі.

Дарэчы, кіраўнік дзяржавы традыцыйна шмат увагі надае аграрнаму сектару. Улічваючы, што пытанні харчовай бяспекі ў свеце стаяць досыць востра, распрацоўкі беларускіх вучоных-аграрыяў асабліва актуальныя. ■

Па матэрыялах БелТА