«Нашы дзеці»: высокіх гасцей прымала прыёмная сям’я з агр. Далёкія Браслаўскага раёна

Новости
Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягвае несці радасць юным жыхарам Браслаўшчыны. У яе рамках прадстаўнікі мясцовай улады, устаноў і грамадскіх аб’яднанняў гэтымі зімовымі днямі з найлепшымі пажаданнямі ды падарункамі наведваюць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праз няпростыя жыццёвыя сітуацыі выхоўваюцца ў прыёмных сям’ях.

Старшыня райсавета Ніна Пучынская, якая таксама ўзначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз жанчын», галоўны спецыяліст аддзела райвыканкама па адукацыі Ірына Мацук – кіраўнік РА ГА «Беларускі фонд міру» – разам з пракурорам Браслаўскага раёна Юрыем Кезікам завіталі ў прыёмную сям’ю Святланы Сокалавай з агр. Далёкія.

У вялікім утульным доме іх сустракалі гаспадыня Святлана Міхайлаўна і трое яе выхаванцаў – Лера і Славік Дзмітрыевы і Данііл Сафронаў. Госці павіншавалі ўсіх са святамі і, уручыўшы дзецям падарункі, адрасавалі ім шчырыя і цёплыя словы. У прыватнасці, Н. Пучынская зазначыла: «Хочацца, каб вы сябравалі, добра вучыліся, слухалі старэйшых і раслі з любоўю да роднай зямлі. Няхай выконваюцца вашы пажаданні, магчыма, і не адразу, але заўсёды варта спадзявацца і марыць».

Затым візіцёры пазнаёміліся з побытам выхаванцаў, пагутарылі са Святланай Сокалавай пра надзённыя пытанні. Лера, Славік і Данііл, якія вучацца ў 2, 3 і 8 класах Опсаўскай СШ, ахвотна расказалі пра свае заняткі (акрамя ўрокаў, дзеці наведваюць яшчэ разнастайныя гурткі, удзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, захапляюцца рукадзеллем), пахваліліся навагоднімі падарункамі ды паказалі свае зручныя пакоі. Меншыя далучыліся да прыёмнай сям’і год таму назад, старэйшы хлопец тут ужо восем гадоў, і ўсе яны гавораць пра прыёмную маці з пяшчотай. Святлана Міхайлаўна, аддаючы дзецям сардэчнае цяпло, не наракае на складанасці, пазітыўна глядзіць на жыццё і радуецца кожнаму дасягненню сваіх выхаванцаў. Прыемна бачыць такую сям’ю, дзе кожны ахінуты любоўю і клопатам. ■

Жанна БЯЛЬКО