Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з працоўным калектывам ВУ «Браслаўгаз»

Новости
Актуальныя пытанні стану і развіцця жыллёвакамунальнай гаспадаркі абмеркавалі на сустрэчы інфармацыйнай групы старшыні райвыканкама з працоўным калектывам ВУ «Браслаўгаз».

Як адзначыў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Пётр Бялусь, сфера ЖКГ была і застаецца адной з самых блізкіх людзям. Акрамя таго, яна заўсёды на віду. Усё гэта накладае на яе арганізацыі і работнікаў асаблівую адказнасць.

Дакладчык сярод асноўных накірункаў дзейнасці ўсіх структур жылкамгаса назваў эксплуатацыю жыллёвага фонду і адпаведных інжынерных сетак, цеплазабеспячэнне, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адыходамі, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыях населеных пунктаў.

«Сёння ў сферы адказнасці раённай камунальнай службы – каля 500 жылых дамоў, у тым ліку шматкватэрных, сотні кіламетраў рознага кшталту сетак, дзясяткі тэхнічна складаных аб’ектаў. Усё гэта належным чынам абслугоўваецца, а таму і стабільна працуе», – адзначыў П. Бялусь.

Пры гэтым ён дадаў, што беларуская сацыяльна арыентаваная дзяржава ўзяла на сябе істотную частку расходаў на пакрыццё адпаведных затрат. Так, напрыклад, на плечы прыватных спажыўцоў кладзецца толькі 20 % кошту ацяплення кватэр. Існуе нават спецыяльная датацыя для тых сямей, якія трацяць на аплату жыллёвакамунальных паслуг звыш 15 і 20 (у залежнасці ад таго, на сяле ці ў горадзе яны жывуць) працэнтаў сваіх даходаў.

Па меркаванні намесніка старшыні райвыканкама, яшчэ больш эфектыўнай работы галіны можна было б дасягнуць, калі б самі грамадзяне праяўлялі ініцыятыву і актыўна ўдзельнічалі ў навядзенні парадку і падтрыманні інфраструктуры ў належным стане. Дарэчы, такога ж пункту гледжання прытрымліваецца і кіраўнік раёна Вячаслаў Грышчанка.

Пра бягучую сітуацыю ў сферы кіберзлачыннасці на Браслаўшчыне расказаў першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Кіслякоў. Ён не толькі нагадаў пра актуальнасць праблемы і акрэсліў яе праяўленні, але і даў прысутным слушныя парады, як не стаць ахвярай махляроў, нагадаў галоўныя меры перасцярогі пры анлайн-абыходжанні з фінансамі.

Што тычыцца дыялогу галавы рэгіёна з супрацоўнікамі «Браслаўгаза», то Вячаслаў Грышчанка падкрэсліў важнасць іх работы, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, вельмі добрыя ўмовы працы і годны заробак. «Усё гэта дае падставу прад’яўляць да вас павышаныя патрабаванні. Гэта значыць, што вашаму калектыву было б варта больш актыўна прымаць удзел у грамадскім жыцці раёна», – рэзюмаваў старшыня райвыканкама. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ