Браслаўчанін: «Грэе душу, калі глядзіш на поле і бачыш, як з’яўляюцца маладыя ўсходы»

Люди
Агульны поспех сельгаспрадпрыемства залежыць ад укладу кожнага работніка. Гэта добра разумее Міхаіл Жданковіч, трактарыстмашыніст ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс».

Ужо больш за тры дзясяткі гадоў працуе ён на тэхніцы, цікаўнасць да якой з’явілася яшчэ ў маленстве. Калі вясковы хлапчук вучыўся ў Замошскай школе, усе суседзі працавалі на трактарах, і найлепшым заняткам для Міхаіла было пакатацца з імі па полі. Прайшоў час, аднак дзіцячае захапленне засталося. І па заканчэнні школы хлопец, не задумваючыся, пайшоў у Відзаўскае СПТВ. Яго прыцягвала да тэхнікі, але, па словах М. Жданковіча, не да ўсіх машын, а менавіта да трактароў. Атрымаўшы спецыяльнасць, ён далучыўся да нялёгкай, ды такой важнай працы хлебароба. Пра яе Міхаіл расказвае захоплена:

– Работу не мяняў за столькі гадоў. Калі гаварыць чэсна, дык і не хацелася, і думкі такой не было. Мабыць, увайшло ў прывычку, ды трэба ж камусьці і хлеб вырошчваць. Сам я родам з вёскі і такую працу паважаю. Асабліва грэе душу, калі глядзіш на поле і бачыш, як з’яўляюцца маладыя ўсходы. Нярэдка даводзіцца мець справу з хімікатамі, і, бывае, нервуюся: ведаю, што такія рэчывы шкодныя для здароўя, але ж для раслін карысна. Прыемна, што вынік працы – добры ўраджай. Гэта вельмі радуе.

Механізатар адказна падыходзіць да работы на зямлі і старанна спраўляецца з любой. А яе хапае на працягу ўсяго года: унясенне мінеральных угнаенняў, хімпраполка, сяўба, затым надыходзіць пара касіць, грабіць, упраўляцца з прэс-падборшчыкам і інш. Вось і цяпер – то на будоўлю кіруе, то тэхніку на захоўванне рыхтуе. Калі здараецца паломка – у рабоце механізатара без гэтага не абыходзіцца, – запчасткі прадастаўляе інжынерная служба, рамонтам жа займаецца сам трактарыст. Дапамагае ў гэтым багаты вопыт і добрае веданне тэхнікі. Міхаіл Жданковіч прывык да свайго трактара МТЗ-82 і мяняць, напрыклад, на больш магутны, не хоча.

У сельгаспрадпрыемстве Міхаіла ведаюць як руплівага і працавітага чалавека. А яшчэ надзвычай сціплага, для якога Ганаровая грамата райсельгасхарча стала нечаканасцю.

– Не ведаю, чаму менавіта мяне адзначылі, – кажа М. Жданковіч. – Я ж проста стараюся і выконваю даручаную мне справу. ■

Жанна БЯЛЬКО