Работнік ДРБУ-142 пра шэфскую дапамогу сельскай гаспадарцы: «Працаваць на зямлі можна і трэба»

Люди
Андрэй Даргель, дарэчы, як і яго брат-блізнец, працуе ў ДРБУ-142. Абодва атрымалі пасведчанні трактарыста-машыніста ў сельскагаспадарчым вучылішчы ў Відзах. У летні перыяд Андрэй на МТЗ-1221 з прычапным грэйдарам прафілюе дарогі мясцовага значэння, а зімой навешвае на трактар адвал для расчысткі аўтадарог ад снегу. У дарожна-рамонтным упраўленні кажуць, што А. Даргель вельмі старанна выконвае сваю работу. Да таго ж ён добра разбіраецца ў тэхніцы, самастойна аднаўляе яе, дапамагае рамантаваць механічныя вузлы і агрэгаты і калегам.

А яшчэ Андрэй у гарачую пару палявых сельскагаспадарчых работ ніколі не адмаўляецца аказваць гаспадаркам шэфскую дапамогу. Раней шчыраваў на ніве ў Плюсах, Мільках, а сёлета сумарна каля чатырох месяцаў накіроўваўся кожнай раніцай з Браслава ў «Слабодку-агра». У час пасяўной кампаніі ён тут з культыватарам рыхтаваў глебу, а ў час нарыхтоўкі кармоў з ПІМам перавозіў сянаж. У цэлым трактарыст дарожнай арганізацыі задаволены сваёй камандзіроўкай мясцовага значэння, кажа: «Працаваць на зямлі можна і трэба. Галоўная складанасць – адсутнасць выхаднога дня. Калі ты жывеш ва ўласным доме, дзе гадуюцца дзве дачкі школьнага ўзросту, то, вядома ж, практычна не застаецца вольнага часу ні на догляд хаты, ні на зносіны з дзецьмі».

Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства таксама засталося задаволеным вынікамі працы Андрэя Даргеля і не шкадуе слоў удзячнасці за шэфскую дапамогу.

Казіміра ПЯТУШК