«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла сюды працаваць». Браслаўчанка пра работу хімікам на вытворчасці сыру

Люди
Алена Кароткая падчас вучобы ў школе думала, што стане юрыстам. Нават паступіла на гэтую спецыяльнасць, аднак своечасова зразумела – не яе прафесія, рэзка зрабіла паварот у сваім лёсе і ўжо 15 гадоў працуе ў цэху па вырабе сыроў г. Браслава Глыбоцкага МКК.

Жанчына займае пасаду вядучага інжынера-хіміка. За плячыма ў яе вучоба ў Пінскім дзяржаўным аграрным каледжы і Гродзенскім аграрным універсітэце, а таксама вопыт працы на розных пасадах. Сёння ёй даручаны адзін з самых адказных этапаў прамысловасці – лабараторны кантроль адпаведнасці якасці сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі неабходным стандартам і патрабаванням экалагічнай бяспекі. Іншымі словамі, разам з лабарантамі яна сочыць за тым, каб у рукі спажыўца трапілі толькі якасныя сыры, бо без іх заключэння прадукцыя не пакіне тэрыторыю цэха. Ды і ўвогуле кожны этап вытворчасці суправаджаецца лабараторнымі аналізамі.

Для гэтага неабходна быць уважлівым, засяроджаным і нават педантычным чалавекам, а таксама ведаць мноства нарматыўных актаў, правільна весці ўсю дакументацыю, умела арганізаваць рабочы працэс. Так, у лабараторыі цэха працуе 17 чалавек. Алене Кароткай неабходна наладзіць работу яе падраздзяленняў (мікрабіялагічнага, хіміка-фізічнага і радыялагічнага), каб яны спрацавалі максімальна эфектыўна. Кожны дзень у яе пачынаецца з планавання неабходных спраў і пастаноўкі задач падначаленым. У спіску – абавязковы абход вытворчасці, вывучэнне вядзення тэхналагічнага працэсу, захавання неабходных тэмпературных рэжымаў і інш. Яна і сама працуе ў лабараторыі, сочыць за ходам выканання выпрабаванняў і своечасовым афармленнем вынікаў аналізаў. Патрабуецца прысутнасць спецыяліста і падчас адгрузкі на экспарт: трэба праверыць знешні выгляд гатовай прадукцыі, стан упакоўкі, маркіроўкі, умовы транспарціроўкі і інш. «Ні разу не пашкадавала, што прыйшла сюды працаваць. Я люблю сваю работу, аддаюся ёй поўнасцю і лічу, што мы ўносім вялікі ўклад у вытворчасць, бо ўсё пачынаецца і заканчваецца ў лабараторыі», – кажа Алена Кароткая. ■

Алена НАБЕЕВА