На ўрок да першакласнікаў СШ № 1 імя А.М. Жданава завітала кіраўніцтва раёна

Новости
Залівісты школьны званок, які першага верасня прагучаў для дзяцей, у СШ № 1 імя А. М. Жданава паклікаў за парты ў тым ліку 69 першакласнікаў. Заняткі для іх, як і для іншых навучэнцаў, пачаліся з урока «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню».

А да вучняў 1 «А» класа на яго завіталі ганаровыя госці – старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, яго намеснік Вольга Вялічка, начальнік аддзела па адукацыі Людміла Каптур і дырэктар школы Людміла Стальмачонак. Кіраўнік раёна пазнаёміўся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія ахвотна пахваліліся сваімі ўменнямі чытаць і лічыць, падзяліліся марамі, кім яны хочуць стаць, як вырастуць, і ўпэўнена адказалі на пытанні, паказаўшы добрыя веды не толькі пра Браслаўшчыну, а і пра рэспубліку ўвогуле.

Вячаслаў Грышчанка ўручыў кожнаму першакласніку традыцыйны падарунак ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі – кнігу «Беларусь – наша Радзіма» – і нагадаў, што яна падрабязна расказвае пра краіну, дасягненні яе жыхароў. Затым старшыня райвыканкама перадаў дзецям па-святочнаму ўпрыгожаны вялікі кошык са школьнымі прыладамі, наказаўшы, каб тыя «добра вучыліся – на адны дзясяткі, былі граматнымі і выхаванымі», і пажадаў ім паспяховай дарогі да ведаў.

І разам з першай настаўніцай Наталляй Іванчык навучэнцы пачалі гэты шлях: разпораз заглядваючы ў новенькае выданне, яны павялі змястоўную гутарку пра гісторыю Беларусі, яе дзяржаўныя сімвалы, нацыянальную культуру і традыцыі, больш даведаліся пра сваю малую радзіму. ■

Жанна БЯЛЬКО