Прытрымлівацца абранага курсу. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Опсаўскага сельсавета ацанілі падчас выязнога пасяджэння

Новости
На мінулым тыдні на тэрыторыі Опсаўскага сельсавета адбылося выязное сумеснае пасяджэнне прэзідыума Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Парадак дня быў насычаным і ўключаў ў сябе наведванне шэрагу мясцовых аб’ектаў, разгляд вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе. Удзел у пасяджэнні прыняў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7 склікання ад Віцебскай вобласці Уладзімір Мацвееў.

Перш-наперш у полі зроку ўдзельнікаў мерапрыемства аказаліся добраўпарадкаванне, адукацыя, культура, сфера абслугоўвання і эканоміка опсаўскага краю. Трэба адзначыць, што гэты сельсавет па праве лічыцца адным з лепшых і наймацнейшых у раёне: ён неаднаразова перамагаў у раённых спаборніцтвах, а яго старшыня Ала Даніліна летась стала пераможніцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Гаспадыня сяла».

Добраўпарадкаванне – адзін з асноўных накірункаў дзейнасці мясцовай улады і арганізацый.

Дэпутаты і кіраўнікі раённых службаў наведалі «Сад Перамогі», мясцовую школу, выканкам, месца адпачынку «Ля паравоза» ў аграгарадку Опса. У Пагошчы пабывалі ў магазіне, бібліятэцы, клубе, ФАПе і прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці дзіцячай пляцоўкі. І паўсюдна быў бачны руплівы падыход мясцовай улады да стану падначаленай тэрыторыі.

Падчас пасяджэння ў сваім дакладзе старшыня сельвыканкама Ала Даніліна расказала пра сацыяльна-эканамічнае развіццё сельсавета, узаемадзеянне з кіраўнікамі мясцовых устаноў і арганізацый, насельніцтвам. Многае з запланаванага і рэалізаванага на ўзгаданай тэрыторыі, падкрэсліла яна, было б немагчыма без падтрымкі з боку раённай улады і цеснага супрацоўніцтва з СВК «Маяк Браслаўскі», мясцовымі старэйшынамі і жыхарамі. Несумненна, хапае і праблемных пытанняў, аднак і яны ва ўзаемадзеянні вырашаюцца паспяхова.

Важкі ўклад у развіццё сацыяльнай інфраструктуры належыць СВК «Маяк Браслаўскі».

У якасці судакладчыкаў Алы Данілінай выступілі кіраўнікі спецыяльна створаных маніторынгавых груп, якія загадзя выязджалі па розных маршрутах. На пасяджэнні яны прааналізавалі ўбачанае, выказалі заўвагі і прапановы.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка падзякаваў за работу старшыні сельсавета і мясцоваму актыву, пажадаў прытрымлівацца абранага накірунку і гаспадарскага падыходу ва ўсіх справах. ■

Алена НАБЕЕВА