У Браслаўскім раёне з’явіўся першы камбайнер-«тысячнік»

Уборочная-2022
У поўдзень 19 жніўня ў СВК «Маяк Браслаўскі» з’явіўся першы камбайнер-«тысячнік» Юрый Бабуль, ён жа стаў лідарам раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю 2022 года.

На гэты раз віншавалі перадавіка не на полі, як звычайна, а правялі ўрачыстую цырымонію ў мясцовым клубе, дзе ў гэты дзень праводзілася выязное пасяджэнне райвыканкама і райсавета. «Тысячніка» ўшаноўвалі ў прысутнасці актыву раёна: дэпутатаў, старшынь сельсаветаў, начальнікаў арганізацый і прадпрыемстваў. Лідара сустракала апладысментамі ўся зала.

Першым узяў слова кіраўнік раёна Вячаслаў Грышчанка, які моцна паціснуў руку хлебароба, уручыў перадавіку жніва каштоўны падарунак і сказаў яму шмат добрых слоў. Таксама падзякаваў за шчырую працу і выказаў спадзяванні, што ў хуткім часе павіншуе Юрыя ўжо з 1,5 тысячы намалочаных тон.

Старшыня гаспадаркі Рамуальд Шукель аб’явіў прысутным, што «маякоўцы» на гэты дзень ужо намалацілі 10 тысяч тон збожжа і працягваюць уборачную з добрым настроем і надзеяй на ўраджай, які паб’е рэкорды папярэдніх гадоў. Ён таксама ўручыў камбайнеру прэмію ад гаспадаркі і пажадаў далейшых поспехаў у працы. Таксама старшыня расказаў прысутным, што Юрыю Бабулю летась перадалі старэнькі камбайн, але механізатар не спужаўся цяжкасцей, давёў тэхніку да ладу і, шчыра працуючы, выйшаў у перадавікі.

Павіншавалі «тысячніка» і лідары галіновай прафсаюзнай арганізацыі Мікалай Вялічка і РА РГА «Белая Русь» Алена Бабінская. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ