Вучні агралагера пазнаёміліся з вытворчасцю ў СВК «Маяк Браслаўскі»

Новости
На Браслаўшчыне ўвасабляецца ў жыццё напрамак «Развіццё профільнай адукацыі ў класах аграрнай накіраванасці», а Опсаўская яслі-сад – сярэдняя школа вызначана ў ім раённым рэсурсным цэнтрам. Навучэнцы агракласаў гэтай установы знаёмяцца з асноўнымі спецыяльнасцямі сферы і разнастайнасцю працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, паспяхова ўдзельнічаюць у мерапрыемствах абласнога маштабу, накіраваных на папулярызацыю прафесій АПК. Таму не дзіўна, што і падчас летняга адпачынку тут не забываюцца пра аграрную тэматыку.

Дзевяцідзённы аздараўленчы палатачны лагер «АГРА+» цалкам апраўдаў сваю назву: шматлікія цікавыя мерапрыемствы турысцкага накірунку тут цесна суседнічалі з краязнаўчымі, і падчас іх дзеці не толькі больш даведаліся пра малую радзіму, а і ўніклі ў спецыфіку дзейнасці СВК «Маяк Браслаўскі», пазнаёміліся з яго працаўнікамі. Педагогі школы падрыхтавалі насычаную праграму і былі гатовы нават да непрадказальнага надвор’я: на выпадак дажджу яны прадугледзелі альтэрнатыўныя заняткі. Гульнявыя пляцоўкі, квэсты, паласа перашкод, вечары каля вогнішча, конкурс талентаў, флэшмоб і многія іншыя мерапрыемствы спрыялі выдатнаму адпачынку хлопцаў і дзяўчат.

Падчас гутарак і практыкумаў яны ахвотна авалодвалі тонкасцямі пешаходнага турызму: вывучалі яго асноўныя правілы, трэніраваліся ў карыстанні палаткамі і спальнымі мяшкамі, працавалі з тапаграфічнай картай і арыентаваліся па компасе, вязалі вузлы і вымяралі адлегласці.

Гэта ўсё навучэнцы ўдала чарагавалі са знаёмствам з сельскагаспадарчымі працэсамі: адна справа – слухаць расказы дарослых, і зусім іншая – пабачыць усё на свае вочы. А паглядзець было што! Напрыклад, на полі, дзе знаходзяцца каровы адной з перадавых ферм гаспадаркі «Якавічы», яе загадчыца Валянціна Крывель пазнаёміла цікаўных гасцей з тэхналогіяй машыннага даення. Затым, паназіраўшы за закладкай сянажных ям, школьнікі ўважліва слухалі заатэхніка аддзялення Яніну Бабуль, якая расказала пра працэс нарыхтоўкі кармоў, а таксама пра асаблівасці сваёй прафесіі. Яшчэ адзін дзень прысвяцілі сустрэчам з прадстаўнікамі прафесійных дынастый – сем’ямі Мельянцавых і Хром. Уражальнай была і экскурсія на МТФ «Ёдлавічы»: на гэтым сучасным комплексе наведвальнікі ўбачылі высокатэхналагічнае абсталяванне, падзівіліся з камфортных умоў працы і «пазнаёміліся» з каровай Асоль – прызёрам рэспубліканскай выставы, адзначанай дыпломам трэцяй ступені. Дарэчы, загадвае гэтым комплексам Ганна Кезік – выпускніца Опсаўскай школы. Тут жа хлопцы і дзяўчаты шмат даведаліся пра работу ветурача. Не абмінулі ў лагеры і ўборку збожжавых, у ходзе якой асаблівую актуальнасць набывае прафесія камбайнера, пабылі і на іншых аб’ектах. А таксама папоўнілі веды пра навучальныя ўстановы Беларусі аграрнай накіраванасці.

Мірна працуючы на роднай зямлі, нельга забывацца, каму мы абавязаны гэтай магчымасцю, якую цану заплаціў за яе наш народ. Навучэнцы здзейснілі аднадзённы паход у в. Лабэцкія, дзе добраўпарадкавалі помнік загінулым і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Адным словам, адпачынак у опсаўскіх школьнікаў выдаўся насычаным, надзвычай пазнавальным і карысным. ■

Жанна БЯЛЬКО