«Ураджайнасць радуе». Як у «Слабодцы-агра» сёлета рыхтуюць кармы

Новости
Другі сярод гаспадарак раёна па велічыні план (1 800 га) па плошчах, якія патрэбна скасіць першым укосам, – у ААТ «Слабодка-агра». Сельгаспрадпрыемства мае больш за 1,2 тыс. галоў жывёлы і таму імкнецца назапасіць кармоў як мага больш. Цяпер тут ужо скасілі 1 120 га, што складае 62 % ад плана.

Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Пятра Карандзея, ураджайнасць траў сёлета радуе. Калі параўноўваць яе з мінулагодняй, то яна прыкладна большая ў 1,5 разу. На 70 % палёў тут бяруць больш за 100 цэнтнераў з гектара.

Пакуль косяць толькі шматгадовыя травы. Дарэчы, у гэтым годзе ў гаспадарцы вырашылі пакінуць каля 50 га азімых збожжавых, каб сфарміраваць адну траншэю з зернесенажу. Калі жыта і трыцікале дасягнуць патрэбнай васковай спеласці, іх здрабняць – і атрымаецца высокакаларыйны ды канцэнтраваны корм. Увогуле гэта тэхналогія не новая, але для гаспадаркі яна эксперыментальная.

У «Слабодцы-агра» на нарыхтоўцы кармоў працуюць 2 касілкі, 2 грабляў, 2 КВК, 2 прэс-падборшчыкі. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны 1 МАЗ і 3 трактары з ПІМамі. Трамбуе сянаж на МТЗ3022 памочнік, якога камандзіравалі з ЗУВГП «БЕЛКОКСЛАТ». А вось ДРБУ-142 дапамагло гаспадарцы не толькі чалавечымі рэсурсамі, а і тэхнікай. Работнік дарожнага прадпрыемства Андрэй Даргель працаваў тут на пасяўной, цяпер перавозіць з поля да траншэі сакавітыя кармы. Калегі і кіраўніцтва добра адгукаюцца пра памочнікаў, кажуць, што працуюць шчыра і стараюцца хутка выконваць пастаўленыя задачы.

Пакуль у гэтым сельгаспрадпрыемстве нарыхтавалі 456 тон сена, 5 270 тон сенажу, у тым ліку ў палімерную плёнку закруцілі 321 тону. Такім чынам, на ўмоўную галаву жывёлы назапасілі па 13,91 цэнтнера кармавых адзінак, што на 5,89 больш, чым на гэтую ж дату летась.

Як гаворыць П. Карандзей, тэмп набралі добры і калі нябесная канцылярыя не перашкодзіць, то сёлетняя касавіца ў «Слабодцы-агра» парадуе сваім вынікам. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ