Гонар школы. Адзіннаццацікласнік з Браслава датэрмінова паступіў на гістфак

Люди
За гады навучання ў кожнага школьніка паступова збіраюцца граматы, дыпломы, падзячныя лісты і іншыя заахвочванні за тую ці іншую дзейнасць. Даўняя зацікаўленасць сёлетняга выпускніка СШ № 1 імя А. М. Жданава Станіслава Плясуна гістарычнымі фактамі і славутымі асобамі таксама не раз прыводзіла яго да перамог падчас інтэлектуальных спаборніцтваў рознага ўзроўню. І на заканчэнне 11-га класа ў хлопца склалася цэлая калекцыя ўзнагарод, якая ўражвае не толькі іх колькасцю, а і значнасцю.

Як чатырохразовы пераможца абласнога этапа алімпіяды па вучэбных прадметах «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя» С. Плясун адзначаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, за паспяховы ўдзел (прычым два гады запар) у заключным, рэспубліканскім – дыпломамі Міністэрства адукацыі І і ІІІ ступені. Такія вынікі не засталіся незаўважанымі, што і пацвярджаецца пасведчаннем аб узнагароджанні першай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Да таго ж дыпламант заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды атрымаў магчымасць паступіць без здачы ЦТ на гістарычны факультэт, пра які даўно марыў.

І гэта далёка не ўсе дасягненні школьніка: разам з любімым прадметам ён мае рознабаковыя захапленні. Акрамя звання лаўрэата міжрэгіянальнага анлайн-конкурсу «Асоба ў гісторыі Беларусі» і ўладальніка дыплома Міністэрства адукацыі І ступені, атрыманага падчас удзелу ў рэспубліканскім культурна-асветніцкім праекце «Скарынаўскія дні ў Полацку», хлопец перамог у абласным этапе тэлепраекта «Я ведаю!», паспяхова выступаў на этапах алімпіяды па англійскай мове і фінансавай граматнасці. Такім вынікам спрыяла цікавая ўласцівасць, якую адзначаюць педагогі: чым больш цяжкі і складаны матэрыял трапляецца навучэнцу, тым лепш ён яго засвойвае і запамінае.

– У коле інтарэсаў Станіслава не толькі прадметныя конкурсы і пазнавальныя мерапрыемствы, а і працоўныя акцыі ды маладзёжныя ініцыятывы, – кажа дырэктар установы адукацыі Людміла Стальмачонак, якая, дарэчы, выкладала ў адоранага вучня гісторыю. – Мы ў школе ганарымся сваім выпускніком і рады за яго. Так, за гэтыя гады хлопцу давялося шмат папрацаваць, аднак прыемна бачыць, як ён вырас у асобу, у тым ліку і дзякуючы ўдзелу ў алімпіядзе, дзе набыў новых сяброў і раскрыў свае здольнасці. ■

Жанна БЯЛЬКО