Вячаслаў Грышчанка: «Усё, что робіць улада — для людзей»

Новости
Ход выканання Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» на тэрыторыі Відзаўскага сельсавета разгледзелі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Па традыцыі яно прайшло ў выязным фармаце.

Практыка ўжо даказала жыццяздольнасць такіх мерапрыемстваў, бо вывучэнне як поспехаў, так і праблемных момантаў непасрэдна на месцах дазваляе больш аператыўна прымаць неабходныя рашэнні, эфектыўна вучыцца і абменьвацца вопытам.

Што тычыцца візіту актыву раёна ў Відзы, то яго праграма ўключала ў сябе шэраг найбольш актуальных пунктаў. Члены прэзідыума і запрошаныя наведалі гарпасялковы пляж і пажарна-аварыйна-выратавальны пост, азнаёміліся з асартыментам у адным з мясцовых магазінаў, на свае вочы пабачылі вынікі разнапланавай работы па добраўпарадкаванні (у тым ліку зносу лядашчых дамоў), пабывалі на тэрыторыі Відзаўскага лясніцтва.

І ўсюды ішла канструктыўная размова. Па ходзе руху па маршруце ўзнікалі новыя пытанні і даручэнні. Гучалі словы падзякі за праведзеную работу і пэўная крытыка. Старшыня раённага дэпутацкага корпуса Ніна Пучынская неаднаразова падкрэслівала ролю мясцовай улады. «За ўсё, што адбываецца на тэрыторыі сельсавета, сельсавет у першую чаргу і адказвае. Калі ён не ўключаны ў справу непасрэдна, то павінен каардынаваць і накіроўваць», – адзначыла яна.

На гэтым фоне нельга не сказаць, што відзаўская зямля мае свае істотныя асаблівасці. Гэта самы вялікі сельсавет у раёне і нават краіне, яго тэрыторыя на працягу дзясяткаў кіламетраў мяжуе з Еўрасаюзам, а насельніцтва прадстаўлена самымі рознымі этнаканфесіянальнымі групамі. Разам з тым надзённыя пытанні мясцовай улады такія ж, як і ў любым іншым рэгіёне: работа з людзьмі, добраўпарадкаванне, догляд дарог і могілак, забеспячэнне правапарадку, пажарнай бяспекі і многае іншае.

Дзейнасць па гэтых накірунках папярэдне ацанілі рабочыя групы. Кароткія вывады: за апошні час Відзы істотна папрыгажэлі. Бачна, што і ў сам пасёлак, і ў больш дробныя населеныя пункты ўкладзены значныя сродкі і намаганні. Дарэчы, такога меркавання прытрымліваюцца і мясцовыя жыхары. Відзаўчане таксама адзначаюць эфектыўную зваротную сувязь з боку ўлады, аператыўнае вырашэнне іх пытанняў. Аднак ёсць і над чым працаваць: рэйды выявілі асобныя недахопы ў сферы навядзення парадку на зямлі, гандлёвым абслугоўванні, падтрыманні ў належным стане сельгасаб’ектаў. Уздымалася таксама і праблема забеспячэння дрывамі, падключэння электраацяплення.

Кожны з праблемных момантаў быў дэталёва вывучаны прама на месцы. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка пры гэтым звярнуў увагу, што ўсё, што робіцца, – у першую чаргу для людзей. Таму і будаваць гэтую работу дзяржструктуры павінны адпаведным чынам. Кіраўніка раёна падтрымала і Н. Пучынская. «Дзейнасць сельсавета абапіраецца на закон, але ў яе цэнтры былі і застаюцца людзі, іх праблемы і пытанні», – рэзюмавала старшыня раённага Савета дэпутатаў. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ